Малако закіпела!
Субота выбухнула новай фазай канфлікту з Масквой. Лукашэнка дэманструе намер усталяваць памежны і мытны кантроль на мяжы з Расіяй. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.
Субота выбухнула новай фазай канфлікту з Масквой. Нарада ў малочным пытанні, відаць, так завяла афіцыйнага кіраўніка, што ён затармазіў вылет у расійскую сталіцу на саміт АДКБ. Плюс загадаў прапрацаваць пытанне пра ўвядзенне элементаў памежнага ды мытнага кантролю на мяжы з Расіяй.
У Беларусі вынішчана ўнутранае палітычнае жыццё, але затое, пабачце, якой інтрыгоўнай стала замежная палітыка! То некалькі тыдняў палітычны бамонд пераймаўся пытаннем, ці паляціць Лукашэнка ў Прагу, то вось цяпер гадаюць, ці выберацца заўтра ў Маскву.
«Крыж на саюзнай дзяржаве яшчэ не паставяць, — прагназуе палітолаг Андрэй Фёдараў. — Але разам з тым цяперашнія крокі Мінска — гэта не толькі піяраўскія жэсты. Наўрад ці прычынай сталі некалькі затрыманых фураў з малаком. Ёсць нейкія значна болей сур’ёзныя супярэчнасці. Іх маса ў дачыненнях між Мінскам і Масквой нарастае, і некалі колькасць можа перарасці ў якасць».
Дадамо: калі беларускі бок сапраўды увядзе памежны ды мытны кантроль на мяжы з Расіяй, то капец грандыёзнай задуме адзінай мытнай прасторы і супольнага ўступлення тройкі Расія — Беларусь — Казахстан ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.
Няма, канечне, ліха без дабра. Усе гэтыя газавыя, цукровыя, малочныя войны дэ-факта — варта паслухаць размовы на прыпынках, ў крамах ды лазнях :) — фармуюць у нашага абываталя нацыянальную самасвядомасць.
Дзяржаўныя СМІ адкрылі па Крамлі агонь на паразу. «Расія яшчэ не вылечылася ад імперскіх амбіцый» — пад такім загалоўкам падае ўрадавае агенцтва меркаванне блізкага да ўлады палітолага. Стужка сённяшніх навін БЕЛТА — як залп па расійскіх кіроўных вярхах.
Але нешта не цягне пляскаць у ладкі гэтай антыімперскай патэтыцы тутэйшага высокага чынавенства ды афіцыёзу. Бо за што змагаліся (згадайма шал «братняга яднання»), на тое і нарваліся. Шукалі прыгод на сваю галаву, ладзячы гульні ў саюзную дзяржаву. Ды і яшчэ не раз будзе замірэнне з крывымі ўсмешкамі. І зноў будуць таўчы пра непарушны саюз, ціха ненавідзячы адзін аднаго.
А ўвогуле — удумаемся — Беларусь, якую афіцыёзныя песняры падаюць талерантнай і бесканфліктнай, хоць да раны прыкладай, вось ужо пятнаццаць гадоў перманентна з некім ваюе. То з монстрам НАТО і Захадам увогуле, то цяпер вось усё часцей — з Масквой.
Няўжо наш нацыянальны характар такі сварлівы? Ці рэч у іншым — у характары персаналісцкай аўтакратыі, якой заўсёды мулка?
Рэжым хоча і расійскую цыцку смактаць, і выкалупваць разынкі з булкі «Усходняга партнёрства» — але пры гэтым не ахвяраваць ні калівам самаўладдзя і ціха пасмейвацца з наіўных пастаўшчыкоў дурніцы. Але наколькі доўга можна накідаць навакольнаму свету такую гульню ў адну браму?
Славутае манеўраванне, палітыка арэляў зусім не ёсць праявай мудрасці або звышпрынцыповасці (прынцып хіба адзін, самі ведаеце які). Гэта банальны палітычны авантурызм, які на роўным месцы стварае пагрозы Беларусі.