Рэзнікаў распавёў пра бункер Мінабароны Украіны ў Гастомелі: палова міністэрства магла трапіць у палон у пачатку вайны
Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў распавёў «УП», што, калі б ён у пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі дзейнічаў па пратаколе бяспекі, то, магчыма, трапіў бы ў палон.
Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў. Фота: фэйсбук
Па словах Рэзнікава, абаронены камандны пункт Мінабароны Украіны, куды міністр павінен быў ехаць са сваёй камандай, знаходзіўся ў Гастомелі, куды расіяне, як потым стала відавочна, накіравалі магутны ўдар, у тым ліку ў выглядзе масіраванай высадкі дэсанту.
«Абаронены камандны пункт, які быў замацаваны за маім персаналам, знаходзіўся, будзеце смяяцца, у Гастомелі, у абароненым месцы, якое першым жа патрапіла ў засаду. Тэарэтычна, калі б мы туды перамясціліся хаця б за дзень-два, то ў мяне палова міністэрства была б там, амаль у палоне», — сказаў ён.
Таму супрацоўнікі міністэрства, паводле рашэння Рэзнікава, «распыліліся» па розных будынках, якія належаць Міністэрству абароны.