У Вялікабрытаніі беларус займаўся кібермахлярствам і атрымаў тэрмін
Лонданскі суд асудзіў 43-гадовага беларуса да 3 гадоў і 4 месяцаў турмы за ўдзел у інтэрнэт-махлярстве, у выніку якога кліенты банкаў гублялі сотні тысяч фунтаў стэрлінгаў. Пра гэта паведаміла Нацыянальнае агенцтва па барацьбе са злачыннасцю Вялікабрытаніі (NCA).
Фота: Нацыянальнае агенцтва па барацьбе са злачыннасцю Вялікабрытаніі
Беларус выкарыстаў скрадзеныя асабістыя звесткі іншых людзей для адкрыцця банкаўскіх рахункаў, якія пасля выкарыстоўваліся для здзяйснення супрацьпраўнай дзейнасці і адмывання сродкаў, атрыманых незаконным шляхам, піша сайт «Беларусь і свет».
Беларус і яго саўдзельнікі выкарыстоўвалі для ўчынення злачынстваў гатэлі і жыллё, якое здымалася на кароткі час. Адсюль яны звязваліся з ахвярамі праз тэлефон і з дапамогай хітрых прыёмаў выманьвалі ў іх грошы.
Адна з пацярпелых, напрыклад, расказала, што яна і яе муж страцілі амаль 160 тысяч фунтаў, калі фіктыўны «супрацоўнік банка» патэлефанаваў і сказаў, што трэба перавесці сродкі на іншы рахунак праз пагрозу бяспецы. Яшчэ адзін чалавек страціў 12,4 тысячы фунтаў, заплаціўшы за ўжываны BMW, які затым так для яго і не матэрыялізаваўся.
Брытанскія праваахоўнікі высачылі нашага суайчынніка, звязаўшы банкаўскія звесткі на адзін з ягоных «псеўданімаў» для службы дастаўкі Deliveroo з кватэрай на вуліцы Бейнс-Клоўз ў лонданскім раёне Саўт-Кройдан.
За мужчынам было ўстаноўленае назіранне, і паліцэйскія на працягу 6 месяцаў сачылі за тым, як ён мяняў высакакласныя гатэлі і здымныя кватэры ў Лондане і Пуле.
Беларус выкарыстоўваў для адкрыцця рахункаў у асноўным два наборы асабістых звестак — грамадзяніна Малдовы і грамадзяніна Балгарыі, якія пра гэта не падазравалі. Сярод іншага, ён атрымаў падроблены балгарскі пашпарт і ID-карту.
Таксама беларус у лютым 2020 года адкрыў агенцтва нерухомасці Look4Home, аформіўшы дырэктарства на адно з выкрадзеных імёнаў. У жніўні 2021 года фірма была закрытая. Праз яе меркавана адмылі больш за 55 тысяч фунтаў.
Акрамя таго, наш суайчыннік завалодаў данымі рэальнай кампаніі па доглядзе дзяцей і адкрыў на яе імя банкаўскі рахунак, на які пералічваў незаконна атрыманыя сродкі. Дырэктарка кампаніі пра існаванне рахунка не ведала.
Беларуса затрымалі ў кватэры ў лонданскім раёне Кройдан у траўні 2022 года. Там аператыўнікі канфіскавалі 10 мабільных тэлефонаў, 4 ноўтбукі і 2 банкаўскія карты на розныя прозвішчы. На некаторых мабільных знайшлі скрыншоты шматлікіх нелегальных банкаўскіх транзакцый.
Следчыя выявілі вялікую колькасць рахункаў фізічных і юрыдычных асоб, якіх ашуканцы планавалі зрабіць цэлямі сваіх нападаў. Таксама паліцэйскія, падзяліўшыся данымі з адпаведнымі банкамі, змаглі не даць «выпарыцца» больш чым 2 млн фунтаў.
Беларус прызнаў, што аказваў злачыннай сетцы дапамогу ў атрыманні наяўных скрадзеных грошай, якія паступалі на яго рахункі, пры гэтым пакідаючы сабе каля 40 адсоткаў. Яму прад'явілі адно абвінавачванне ў адмыванні грошай, два — у захоўванні пасведчанняў асобы для неналежных мэтаў і адно — у захоўванні аб'ектаў для выкарыстання ў мэтах махлярства.
На слуханнях справы 22 верасня 2022 года ў крымінальным судзе Саўтуарка наш суайчыннік прызнаў сябе вінаватым па ўсіх эпізодах, а 11 красавіка 2023 года яму быў вынесены прысуд — 3 гады і 4 месяцы турмы.
Пасля адбыцця пакарання мужчыну вышлюць з краіны.
Чытайце таксама:
У Швейцарыі за шматлікія крадзяжы затрымалі чатырох хлопцаў, сярод іх і беларус
Польскія памежнікі затрымалі беларуса з крадзенай машынай коштам у чвэрць мільёна еўра