«Я ацаніў яго жарт». Перапалка Такаева і Лукашэнкі працягваецца
29.05.2023 / 11:33
Прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў заяўляе, што ў Казахстана няма неабходнасці ўступаць у Саюзную дзяржаву і ядзерная зброя яго краіне таксама не патрэбная. Так ён адказаў Аляксандру Лукашэнку.
Касым-Жамарт Такаеў. Фота: LyazaTretyakova / depositphotos.com
Прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў адказаў Лукашэнку, які прапанаваў Казахстану і іншым краінам, што хочуць мець ядзерную зброю, уступіць у Саюзную дзяржаву.
«Я як след ацаніў яго жарт. Я думаю, што неабходнасці ў гэтым няма, паколькі існуюць і іншыя інтэграцыйныя абʼяднанні, перш за ўсё Еўразійскі эканамічны саюз.
Што тычыцца ядзернай зброі, то яна нам не патрэбная, паколькі мы далучыліся да Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі і Дамовы аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі. Мы застаёмся вернымі абавязацельствам у рамках гэтых міжнародных дакументаў», — сказаў ён.
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў назваў праблемаю ступень інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй і астатнімі краінамі ЕАЭС.
На Еўразійскім эканамічным форуме 24 мая ён адзначыў, што гэта пытанне трэба абмяркоўваць. «У нас ёсць у Еўразійскім эканамічным саюзе Саюзная дзяржава. Гэта значыць, у сусветнай палітычнай гісторыі створаны ўнікальны прэцэдэнт або феномен, як хочаце. Стварэнне дзяржавы па формуле «дзве краіны — адна дзяржава» з адзінай палітычнай, юрыдычнай, вайсковай, эканамічнай, валютнай, культурнай, гуманітарнай прасторай, з адзіным саюзным урадам, з адзіным саюзным парламентам. Ну, я прашу прабачэння, і нават ядзерная зброя адна на дваіх цяпер», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка пабачыў у словах Такаева іншае. Ён заявіў, што той, хто хоча ядзерную зброю, хай уступае ў саюз Расіі і Беларусі.
«У саюз Беларусі з Расіяй трэба ўступаць і ўсё: будзе ядзерная зброя на ўсіх», — заявіў Лукашэнка.
Чытайце таксама:
«Нават ядзерная зброя адна на дваіх». Такаеў лічыць праблемай Саюзную дзяржаву ў складзе ЕАЭС
Дзе размесцяць расійскую ядзерную зброю, выбух якой можа знішчыць цэлы горад?
«Казаць, што мы ўсе памром, — дакладна няправільна». Эксперт пра магчымыя наступствы ядзернай вайны