БЕЛ Ł РУС

«Можна нават балгаркай распілаваць». Прапагандысты пераконваюць беларусаў у бяспечнасці ядзернай зброі

11.06.2023 / 9:41

Nashaniva.com

У новай праграме «Дыспазіцыя» на БТ прапагандысты патлумачылі, чаму беларусам не варта асцерагацца ядзернай зброі.

Паводле незалежных даследаванняў, больш за 70% беларусаў адмоўна ставяцца да размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі.

Прапагандысты ж тлумачаць, што ўсё дзеля «мірнага неба» над Беларуссю і што гэта цалкам бяспечна.

«Падарваць заводскі тактычны боезарад проста немагчыма. Яго можна нават балгаркай распілаваць, гранату ў яго кінуць, а ён не ўзарвецца. Для ініцыяцыі падрыву патрэбны ланцужок спецыяльных дзеянняў, у тым ліку высокатэхналагічных», — пераконваюць прапагандысты.

Тое, што беларусы праз гэта становяцца мішэнню для ўдараў, прапагандысты ніяк не тлумачаць.

«Ядзерная зброя — ніякі не «парасон», які абароніць ад небяспекі. Гэта ў першую чаргу мішэнь, цэль для ўдару ў адказ. Гэта наўпрост пагроза здароўю і жыццям беларусаў. Беларусаў, якія супраць размяшчэння ядзернай зброі ў сваёй краіне. Але дыктатары ж не пыталіся іх меркавання», — заявіла лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская.

Размяшчэнне ядзернай зброі ў нашай краіне ўзмоцніць і без таго велізарны кантроль Расіі над Беларуссю, паводле яе.

«Гэту зброю складана будзе вывезці, яна можа стаць прадметам гандлю і агрэсіі з боку Расіі. Лукашэнка гэта разумее, але яму ўсё адно, што будзе з нашай краінай у будучыні. Наступствы гэтага будуць гадамі разграбаць беларусы.

У 1990 гадах мы з вамі зрабілі свой выбар, адмовіўшыся ад ядзернай зброі і вывеўшы яе з нашай краіны — без якіх-небудзь умоў. Таму што беларусы вывучылі ўрокі гісторыі і не хочуць другога Чарнобыля на сваёй зямлі. Мы з вамі як ніхто ведаем цану міру і бяспекі. Ужо цяпер мір і бяспека кожнага з нас пад пагрозай», — сказала Ціханоўская.

Паводле прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі пачнецца пасля 7-8 ліпеня.

Чытайце таксама:

«Любы тып зброі масавага паражэння не можа быць абарончым»: дэпутатка Мінгарсавета стварыла петыцыю супраць размяшчэння ядзернай зброі

«Людзі прывыклі жыць у камфорце, цывілізавана, прыгожа». Вальфовіч патлумачыў, навошта Беларусі ядзерная зброя

«Разам з расійскай зброяй можа з’явіцца і расійская вайсковая база. А выперці іх будзе складана». Якія наступствы атрымае Беларусь праз размяшчэнне ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула