Лукашэнка заяўляе, што кіраваць ядзернай зброяй будзе ён: «Ніякага вагання не будзе»
13.06.2023 / 11:59
Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Мінскую вобласць пракаментаваў магчымае размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.
Фота: прэс-служба Лукашэнкі
У Лукашэнкі карэспандэнты спыталі, навошта ў Беларусі ядзерная зброя.
«Расія ні да чога не імкнецца. Не ў Расіі справа», — адказаў Лукашэнка. Паводле яго, размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі было яго просьбай і настойлівым патрабаваннем да расійскага боку, каб гарантаваць бяспеку Беларусі.
«Навошта гэта трэба? Каб ні адна нага нейкіх свалачэй не ішла больш на беларускую зямлю», — сказаў ён.
«І адказ будзе неадкладным. Я гэта загадзя гаварыў ужо некалькі разоў», — дадаў ён.
Падкрэсліўшы значную магутнасць той ядзернай зброі, якая будзе размешчана ў Беларусі, Лукашэнка заявіў: «Я думаю, наўрад ці камусьці захочацца ваяваць з краінай, у якой ёсць такая зброя. Гэта зброя стрымлівання».
Лукашэнка кажа, што ніякага вагання ў прымяненні ядзернай зброі ў яго не будзе.
«Не дай бог, мне давядзецца прымаць рашэнне на прымяненне гэтай зброі ў наш час. Але ніякага вагання не будзе, калі толькі супраць нас будзе агрэсія», — сказаў Лукашэнка, нібыта гэта ён будзе прымаць рашэнне пра ядзерны ўдар.
Хаця 25 мая міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу паставіў кропку ў гэтым пытанні — ядзернай зброяй будзе кіраваць толькі Расія.
Паводле прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі пачнецца пасля 7-8 ліпеня, адразу пасля падрыхтоўкі збудаванняў для яе.
Тое, што беларусы праз гэта становяцца мішэнню для ўдараў, Лукашэнка ніяк не закрануў.
Чытайце таксама: