Сем прычын, чаму Непал — не найлепшая краіна для падарожжа
З-за смогу ў Непале амаль не відаць гор, а еўрапейцаў мясцовыя жыхары часта разглядаюць толькі як крыніцу грошай. Перабоі з электрычнасцю, спецыфічны транспартны рух, не заўсёды гігіенічна прыгатаваная ежа — Непал спадабаецца, толькі калі вы гатовыя да пагранічна незвычайных уражанняў.
Марчэма, раён Солухумбу, Непал. Фота: Дзідзье Марці / Getty Images
Аўтар Die Welt першы раз трапіў у Непал у пачатку пандэміі — і яму вельмі спадабалася падарожжа па Гімалаях у адзіночку. Цяпер ён вырашыў паўтарыць гэту вандроўку, але атрымаў зусім іншы досвед. У сваім артыкуле ён называе сем прычын, чаму страціў цікавасць да гэтай прыгожай краіны ля падножжа гор.
1. Турысты больш не могуць хадзіць па Гімалаях у адзіночку
З 1 красавіка 2023 года Непальская турыстычная асацыяцыя (NTB) забараніла адзіночныя паходы ў Гімалаі. Цяпер турысты могуць падарожнічаць па Гімалаях толькі з ліцэнзаваным горным гідам. Такая вандроўка павінна быць забраніраваная праз турыстычнае агенцтва.
Афіцыйна гаворыцца, што гэта зроблена для бяспекі гасцей, бо штогод адбываецца некалькі знікненняў турыстаў і аварый. Аднак, па даных сайта Missing Trekker, толькі нямногія са згаданых выпадкаў звязаныя з пешым турызмам у адзіночку.
Рэальная мэта забароны, як кажа Марцін Лявіцкі, — даць занятасць большай колькасці горных гідаў і такім чынам прыцягнуць большую колькасць грошай у сферу турызму.
Аднак для падарожніка наяўнасць гіда не толькі цягне за сабой істотна большыя выдаткі, але і абмяжоўвае свабоду выбару: многія гіды ўключаюць у свае туры плату за тыя гатэлі і рэстараны, з якімі яны супрацоўнічаюць.
2. Да турыстаў ставяцца як да «хадзячых банкаматаў»
Непал — адна з самых бедных краін Азіі. Звычайны даход складае каля 15 тысяч непальскіх рупій — гэта 105 еўра за шэсць дзён працы на тыдзень.
Турыстаў з Заходняй Еўропы разглядаюць у Непале найперш як крыніцу грошай. Ты не толькі плаціш як турыст, але людзі таксама пастаянна падыходзяць да цябе на вуліцы і просяць гатоўку.
3. Ветлівасць ці бізнэс?
У Непале цяжка разабрацца, хто выказвае да цябе шчырую прыязнасць, а хто проста робіць бізнэс.
Напрыклад, вы не можаце прайсці па цэнтры Катманду, не пагаварыўшы з гандлярамі. Прычым яны будуць запэўніваць, што не маюць мэты штосьці прадаць, а хочуць проста папрактыкаваць англійскую мову. Аднак вы нават не заўважыце, як апыняцеся ў краме ці галерэі, дзе вам пачнуць прапаноўваць тавар. Ад такіх сяброўскіх зазывал давядзецца адбівацца ўвесь час.
4. Ежа можа выклікаць праблемы са страўнікам і кішэчнікам
Каб не займець праблем са страўнікам, лепш вельмі ўважліва падысці да выбару кавярняў і рэстарацый, дзе вы будзеце есці.
На жаль, такая магчымасць у Непале ёсць не ўсюды: падчас паходаў у горы ядуць тое, што трапіцца ў дарозе, а трапляецца не заўсёды найлепшае. Падчас пешых прагулак гэта можа яшчэ больш аслабіць арганізм, таму бярыце з сабой сухі паёк.
5. Падарожжа на аўтобусе — катаванне
Вы можаце сесці ў найлепшы турыстычны аўтобус замест кепскага мясцовага або замовіць нешта накшталт таксі — аднак гэта не адменіць небяспечных гравійных дарог, поўных выбоін. Падскокванні аўтобусаў могуць быць настолькі вар'яцкія, што ваш крокамер у смартфоне налічыць тысячы крокаў.
Акрамя таго, на дарогах уздымаецца пыл, што выклікае жаданне добраахвотна надзець ахоўную маску. Пасля некалькіх гадзін язды аўтобус цалкам пакрываецца чорным пылам.
Покхара, Непал. Фота: Петэр Кэйд / Getty Images
6. Смецце
Балюча глядзець, як непальцы забруджваюць прыроду, хоць яны і ўвесь час кажуць, што ганарацца ландшафтам сваёй краіны.
Па словах Лявіцкага, калі ён спытаўся ў маладога жыхара горнай вёскі, чаму той толькі што выкінуў пустую пластыкавую бутэльку ля сцежкі, ён пачуў у адказ: «Усё добра». Сумна, што нават маладое пакаленне ў Непале не асабліва клапоціцца пра навакольнае асяроддзе.
7. Часам гор проста не відаць з-за пылу
Напэўна, кожны, хто едзе ў Непал, хоча ўбачыць горы. Але гэта не так проста, не таму, што іх няма, а таму, што яны часта нябачныя з-за забруджанага паветра.
Прынамсі, у ніжніх рэгіёнах, паміж 1—2 тысячамі метраў над узроўнем мора бачнасць абмежаваная, бо ў засушлівыя часы пыл, падняты з грунтавых дарог, і выхлапныя газы засланяюць краявіды, як густы туман.
У Непале вас могуць падсцерагаць і іншыя нечаканасці: перабоі з электрычнасцю, кепскае жытло і абсурдны транспартны рух з кіроўцамі-камікадзэ. На жаль, усе гэтыя моманты робяць адпачынак у гэтай краіне не найлепшым варыянтам, тым больш у свеце шмат іншых месцаў з прыгожымі горнымі краявідамі.
Аднак калі вас усё ж прыцягваюць самыя высокія вяршыні свету, проста падрыхтуйцеся да складанасцяў, якія вас могуць падпільноўваць на шляху.
Чытайце яшчэ:
Цяпер «Беларускія Мальдывы» можна наведаць афіцыйна
У гэта складана паверыць, але ў Хельсінкі ёсць парк Леніна
Расказваем пра класную лакацыю ў цэнтры Тбілісі, пра якую ведае мала хто з турыстаў