Аднаўленне Крымскага моста адклалі яшчэ на некалькі месяцаў
Расійскі ўрад прыняў рашэнне аб падаўжэнні тэрмінаў аднаўлення Крымскага моста, пашкоджанага пасля падрываў восенню 2022-га і летам 2023 года. Цяпер работы па аднаўленні моста будуць выконвацца да 31 снежня 2023 года, гаворыцца на афіцыйным сайце прававой інфармацыі.
Фота: Прэс-служба віцэ-прэм'ера Марата Хуснуліна
Віцэ-прэм'ер Расіі Марат Хуснулін раней заяўляў пра намер аднавіць двухбаковы рух аўтамабіляў па адным боку моста да 15 верасня, а па другім — да 1 лістапада. Пры гэтым ён прызнаваў, што не атрымаецца аднавіць мост так жа хутка, як пасля першага ўдару ў кастрычніку мінулага года, бо адзін 600-тонны пралёт быў цалкам разбураны.
Паводле папярэдніх ацэнак Хуснуліна, аднаўленне Крымскага моста пасля ягонага нядаўняга падрыву складзе ад 1 да 1,3 мільярда расійскіх рублёў (каля 11-14 мільёнаў даляраў). Прытым гэта сума пазней можа вырасці.
Нагадаем, што ў ноч на 17 ліпеня на Крымскім мосце адбыліся два выбухі. У выніку адзін пралёт абрынуўся, загінулі два чалавекі. Мяркуецца, што падрыў быў здзейснены ўкраінскімі падводнымі дронамі, хоць афіцыйна Кіеў свайго ўдзелу не прызнаваў.
Чытайце таксама:
З'явіліся спадарожнікавыя здымкі пашкоджанага Крымскага моста ФОТА
Выбух на Крымскім мосце. Загінулі два чалавекі. Рух транспарту прыпынены