Былога галоўнага лекара беларускіх санаторыяў у Друскеніках і Сочы будуць судзіць за «шпіянаж»
Былога галоўнага лекара беларускіх санаторыяў у літоўскіх Друскеніках і расійскім Сочы Андрэя Кобеля пачнуць судзіць 16 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе, заўважыў Reform.by. Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.
Андрэй Кобель. Скрыншот эфіру «Беларусь 1»
Кобеля абвінавачваюць паводле артыкула «Здрада дзяржаве», як пазначана ў раскладзе суда.
Андрэй Кобель працаваў галоўным лекарам у санаторыі «Беларусь» у Друскеніках, а пасля — на той жа пасадзе ў санаторыі ў Сочы. Пазней кіраваў аддзелам РНПЦ у Мінску.
Пра Кобеля расказвалі на дзяржтэлебачанні ў снежні мінулага года. Паводле афіцыйнай версіі, яго нібыта завербавалі літоўскія спецслужбы пад пагрозай шантажу. Ад лекара, як сцвярджалася, патрабавалася збіраць і перадаваць звесткі пра тых, хто адпачывае ў санаторыях, а таксама звесткі пра рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, якая знаходзіцца на тэрыторыі санаторыя. Таксама сцвярджалася, што ён уладкоўваў на працу супрацоўнікаў на патрабаванне Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы.
Чытайце таксама:
У Польшчы за 14 месяцаў затрыманыя 22 шпіёны з Беларусі і Расіі
Прарасійскіх беларусаў, затрыманых у Польшчы, падазраюць у намеры падрываць цягнікі
Чарговага паляка будуць судзіць за «агентурную дзейнасць» і «шпіянаж» — праваабаронцы