71-гадоваму пенсіянеру з Баранавічаў далі хатнюю хімію за абразу Лукашэнку. Але ўзрост, на жаль, не заўсёды ратуе
Генадзя Паляніна абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Арцём Падалянец, піша «Вясна».
Генадзь Палянін. Фота: сацыяльныя сеткі
Па матэрыялах абвінавачання, Генадзь Палянін у чаце «Беларусь у шоку! Chat» размясціў тэкставае паведамленне, «якое прыніжае гонар і годнасць асобы Лукашэнкі» ў непрыстойнай форме, тым самым наўмысна публічна прынізіў гонар і годнасць ягонай асобы».
Да суда Палянін знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.
Суд, з улікам узросту абвінавачанага, прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў хатняй хіміі.
Зрэшты, узрост не заўсёды ратуе ад тэрмінаў. Учора стала вядома пра прысуд 69-гадовай Наталлі Пятровіч, якой далі шэсць гадоў калоніі.
Найстарэйшым вязнем з'яўляецца 75-гадовая Наталля Таран, асуджаная на тры з паловай гады калоніі за абразу і паклёп на Лукашэнку і знявагу прадстаўніка ўлады. Жанчына мае шэраг хранічных захворванняў.
А 71-гадовы Васіль Дземідовіч наогул асуджаны на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «арганізацыю масавых беспарадкаў», абразу Лукашэнкі, абразу суддзі і прадстаўніка ўлады.
Чытайце таксама:
Бацьку траіх непаўналетніх дзяцей з Брэста асудзілі за абразы Лукашэнкі і чыноўнікаў
У Оршы мужчыну далі 15 сутак за вокліч «Жыве Беларусь!». Суд не паверыў, што ён выкрыкнуў яго шчыра
Жыхару Баранавічаў далі два гады калоніі за абразу Лукашэнкі і чыноўнікаў