БЕЛ Ł РУС

МУС Украіны апублікавала афіцыйную версію гібелі памочніка Залужнага

7.11.2023 / 0:1

Nashaniva.com

Кіраўнік МУС Ігар Кліменка ў тэлеграм-канале напісаў, што трагедыя ў Чайках, дзе ў сваім доме загінуў памочнік галоўнакамандуючага Украіны, пачынае абрастаць рознай інфармацыяй з «крыніц», таму ён выступае з афіцыйным паведамленнем.

Паводле Кліменкі, сёння ў загінулага маёра Часцякова быў дзень нараджэння. Дадому ён вярнуўся з працы з падарункамі ад калег, і пачаў паказваць рэчы сваякам.

Дастаў падарункавую скрынку з гранатамі ўнутры і стаў дэманстраваць адзін з боепрыпасаў сыну. Гэта былі гранаты новага заходняга ўзору.

Спачатку ў рукі боепрыпас узяў сын і пачаў круціць кальцо. Затым вайсковец забраў гранату ў дзіцяці і вырваў кальцо, пасля чаго адбыўся выбух.

У кватэры паліцыя выявіла яшчэ 5 такіх неразарваных гранат. Іх адправяць на экспертызу, піша Кліменка.

Паліцыянты знайшлі калегу, які зрабіў гэты падарунак. У яго кабінеце правялі ператрус і канфіскавалі яшчэ 2 аналагічныя гранаты.

Нагадваем, учора ў сваім доме пад Кіевам загінуў памочнік галоўнакамандуючага Валерыя Залужнага Генадзь Часцякоў. 

Першапачаткова былі паведамленні, што трагедыя адбылася ў выніку неасцярожнага абыходжання з боепрыпасам, але потым пайшла інфармацыя, што гэта была дыверсія — у падарунках даслалі гранату. Валерый Залужны пацвердзіў смерць свайго памочніка.

«Невымоўны боль і цяжкая страта для Узброеных сіл Украіны і для мяне асабіста. Сёння пры трагічных абставінах у свой дзень нараджэння ў коле сямʼі загінуў мой памочнік і блізкі сябар, маёр Генадзь Часцякоў. 

У адным з падарункаў спрацавала невядомае выбуховае прыстасаванне. У Генадзя засталіся жонка і чацвёра дзяцей. Мае глыбокія спачуванні сямʼі…» — напісаў Залужны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула