Ірына Абельская прывезла ў Зімбабвэ падарункі «ад Лукашэнкі»
22.01.2024 / 15:47
Дырэктарка Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Ірына Абельская прывезла падарункі ў Зімбабвэ. Разам з ёю быў бізнэсмен Аляксандр Зінгман.
Аксілія Мнангагва і Ірына Абельская
Як паведамляе канал зімбабвійскага Мінінфарма, Абельская прывезла ў падарунак мабільную клініку з сучасным аддзяленнем гінекалагічнага, анкалагічнага скрынінга. Мабільная клініка абсталявана сучаснай лічбавай мамаграфічнай сістэмай, якая «ўяўляе сабой гіганцкі скачок наперад у нашай здольнасці змагацца з ракам малочнай залозы», піша зімбабвійскі канал. Таксама клініка мае дыягнастычны ўльтрагукавы апарат.
Прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва асабіста сустракаў, як гаворыцца ў паведамленні, гэты «падарунак ад Аляксандра Лукашэнкі».
Пры перадачы мабільнай клінікі прысутнічаў скандальна вядомы бізнэсмен Аляксандр Зінгман.
Першая лэдзі Зімбабвэ Аксілія Мнангагва зладзіла вячэру ў гонар Ірыны Абельскай.
Жонка прэзідэнта Зімбабвэ Аксілія Мнангагва 5 красавіка прыязджала ў Мінск і наведвала Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, якім кіруе Ірына Абельская.
У студзені 2023 года Абельская была ў складзе беларускай дэлегацыі падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Харарэ. Яе побач з Мікалаем Лукашэнкам, меркаваным сынам Абельскай, заўважылі на ўрачыстым прыёме.
Чытайце таксама:
У Беларусі адкрылі пасольства Зімбабвэ