Скаргу маці Навальнага на нявыдачу цела сына разгледзяць толькі праз два тыдні
21.02.2024 / 10:3
Учора Людміла Навальная запісала відэазварот да Пуціна.
Людміла Навальная. Скрыншот відэа
Скаргу маці Навальнага на нявыдачу цела сына разгледзяць толькі праз два тыдні, вынікае з паведамлення ТАСС.
«Скарга паступіла на незаконныя дзеянні, рашэнні. [Разгляд] прызначанае на 4 сакавіка, закрытае судовае паседжанне», — сказалі дзяржаўнаму агенцтву ў Салехардскім гарадскім судзе.
Учора Людміла Навальная запісала відэазварот да Пуціна. Яна запатрабавала неадкладна выдаць ёй цела сына, каб па-чалавечы яго пахаваць. Аляксей Навальны памёр у калоніі ў Ямала-Ненецкай акрузе ў пятніцу. Ён адбываў 19 гадоў калоніі і быў пераведзены туды ў снежні з калоніі ва Уладзімірскай вобласці.
«За маёй спінай знаходзіцца калонія ВК-3 «Палярны воўк», дзе 16 лютага загінуў мой сын Аляксей Навальны. Пяты дзень я не магу ўбачыць яго, мне не выдаюць яго цела, мне нават не гавораць, дзе ён знаходзіцца. Я звяртаюся да вас, Уладзімір Пуцін. Рашэнне пытання залежыць толькі ад вас, дайце мне нарэшце ўбачыць майго сына. Я патрабую неадкладна выдаць цела Аляксея, каб я магла яго па-чалавечы пахаваць», — сказала яна ўчора ў звароце.
Чытайце таксама:
Брата Навальнага абвясцілі ў вышук у Расіі
«А хто ён такі?» — рэакцыя ботаў на навіны пра смерць Навальнага
Ці можа смерць Навальнага падштурхнуць расейцаў да барацьбы за свабоду?