Анёл гламурнага неба
Джордж Клуні ў фільме «Мне б у неба» Джэйсана Рэйтмана — стрымана рамантычным, не без гумару.
Раян (Джордж Клуні) — адмысловец, які звальняе людзей. Працы сёння шмат – і Раян носіцца з гораду ў горад, жыве па гатэлях і аэрапортах. Герой марыць налятаць рэкордныя 10 міліёнаў міляў. Але маладая кар’ерыстка з ягонае фірмы пагражае самога героя пакінуць без хлеба. Да таго ж у пералётах самотны Раян пазнаёміўся з прыгажуняй (Вера Фарміга), таксама дасведчанай у аэрапортным жыцці…
Драма Джэйсана Рэйтмана — стрымана рамантычная, не без гумару. Абавязковыя амерыканскія тэмы — «мяне падставілі» і «лёгкі флірт сярэдняга веку». Але звыклая галівудская драма мае метафізічна-гламурны падтэкст.
Герой Джорджа Клуні — анёл грамадскае смерці. Ён раіць не збіраць на зямлі скарбаў, пазбавіцца лішняга багажу. Але і людскія сэрцы для яго нічога не значаць.
Ягонае неба — халодна-гламурны рай брэндаў і статусаў. Палюбоўнікі Джордж Клуні і Вера Фарміга, давячыся ад іранічнае пыхі, дэманструюць адзін перад адным шыльды й цэтлікі. А навязлівай рэкламе гатэля «Хілтан» пазайздросціў бы і Цімур Бекмамбетаў.
Сэксуальнасць, стомленасць, фальшыва-бадзёрая надзея на лепшае, самота і ветлівая пустэча.
У часы закатнага посмадэрну дый эканамічнага крызісу амерыканцаў суцяшае далікатны паднябёсны эгаіст.
Зацяты самотнік Джордж Клуні ідэальна пасуе для гэтае ролі.