У Мінску паказалі палку каўбасы вагой 15 кілаграмаў
11.04.2024 / 17:35
У Мінску ў рамках праекта «Зробім разам», які аб'яднаў беларускіх вытворцаў прадуктаў і блогераў, прадставілі велізарную каўбасу: яе вага склала 15 кілаграмаў, а дыяметр — 15 сантыметраў, паведамілі «Мінск-Навіны».
Прадэманстраваць схільнасці да гігантаманіі вырашылі на Гомельскім мясакамбінаце. Па словах яго прадстаўнікоў, у складзе прадукту, які называецца «Барбадас па-гомельску», свініна і ялавічына. Прадаваць такімі порцыямі яго, праўда, не збіраюцца — узор быў выпушчаны спецыяльна для мерапрыемства.
«Каб прыгатаваць выраб такога памеру, мы замовілі спецыяльную абалонку, якую напоўнілі на нашай вытворчасці з дапамогай шпрыца, зварылі, а пасля правэндзілі. Усе тэхналагічныя працэсы былі выкананыя», — адзначылі на мясакамбінаце.
Гэта не адзіны прадстаўлены на гэтым мерапрыемстве прадукт незвычайнай велічыні. У тым жа Гомелі, на прадпрыемстве «ОРС Гомель», спяклі вялікі батон вагой каля 3 кіло і даўжынёй крыху больш за метр.
Чытайце таксама:
Чыноўніца заўважыла, што беларусы ядуць зашмат мяса. У тыктоку ёй адказалі
У крамах з'явілася каўбаса ад МАЗа
Колькі мяса павінна быць у каўбасе — тлумачыць Дзяржстандарт