БЕЛ Ł РУС

Суддзю, які збег у Беларусь, некалькі месяцаў вяла польская контрразведка

7.05.2024 / 22:23

Nashaniva.com

Польскі суддзя Томаш Шміт ужо некалькі месяцаў знаходзіўся пад пільнай увагай Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Яго хацелі арыштаваць за шпіянаж, але ў канцы аперацыі нешта пайшло не так.

Томаш Шміт. Фота: БелТА

Паводле звестак партала Onet, які спасылаецца на крыніцы ў спецслужбах і ўрадзе, контрразведцы было вядома, што Шміт як мінімум некалькі гадоў быў у кантакце з беларускімі спецслужбамі, а таксама з расійскімі агентамі ў Польшчы.

Контрразведка збірала доказы для арышту суддзі па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць замежнай разведкі. Аднак па нейкай прычыне затрымаць Шміта не ўдалося.

Прэм'ер-міністр Дональд Туск і каардынатар спецслужбаў Томаш Семоняк ініцыявалі ўнутранае расследаванне ў Агенцтве ўнутранай бяспекі. Правяраецца аб'ём сакрэтнай інфармацыі, да якой суддзя меў доступ па працы. Яшчэ адна задача праверкі — высветліць, як Шміт змог спакойна пакінуць Польшчу і з'ехаць у Беларусь.

Паводле звестак журналістаў, Шміт меў непасрэдны доступ да ключавой для бяспекі краіны інфармацыі. Суддзя разглядаў у тым ліку справы аб адмове ў доступе да сакрэтнай інфармацыі. У гэтых выпадках Шміт павінен быў знаёміцца з гэтымі сакрэтнымі данымі, а таксама вывучаць нюансы спрэчак паміж рознымі службамі. Гэтая інфармацыя неацэнная для замежных спецслужбаў, асабліва беларускіх і расійскіх.

@nashanivanews Польскі суддзя папрасіў абароны ў беларускіх уладаў #польша #судья #беларусь #беларускаямова #нашаніва #лукашенко #кгб #минск ♬ Sun - Adrian Berenguer

Шміт, апроч усяго іншага, разглядаў справы аб адмове ў доступе да сакрэтнай інфармацыі НАТА. Колькі такіх спраў разгледзеў суддзя, і да якой колькасці дакументаў ён атрымаў доступ, належыць высветліць падчас праверкі. Прэм'ер патрабуе, каб справаздачу пра вынікі падалі цягам некалькіх дзён.

Пракуратура ўжо распачала крымінальную справу аб шпіянажы.

Чытайце таксама:

Туск: Сувязь суддзі Шміта з Беларуссю мае доўгую гісторыю

Колькі зарабляў і якой маёмасцю валодае суддзя, які збег з Польшчы ў Беларусь

Што за суддзя, які збег з Польшчы да Лукашэнкі? Томаш Шміт датычны да зліву кампрамату на калег

Польскі суддзя папрасіў абароны ў беларускіх уладаў

«Абсалютна шакуючы выпадак». Кіраўнік МЗС Польшчы пракаментаваў намер польскага суддзі прасіць палітычны прытулак у Беларусі

«Здраднік і падлюга». Дарадца прэзідэнта Польшчы — пра суддзю Шміта, які збег у Беларусь

Каментары да артыкула