Прэзідэнтка Грузіі наклала вета на закон аб «замежных агентах»
Пра сваё блакаванне закона, які можа значна абмежаваць дэмакратыю ў краіне і ўжо выклікаў маштабныя пратэсты грамадзян, прэзідэнтка Грузіі Саламе Зурабішвілі паведаміла падчас брыфінгу.
Саломэ Зурабішвілі. Фота: AP Photo/Shakh Aivazov
«Сёння я наклала вета на «расійскі закон», які супярэчыць нашай Канстытуцыі, еўрапейскім стандартам і ўяўляе сабой перашкоду на нашым еўрапейскім шляху <…> Гэты закон павінен быць скасаваны», — заявіла Саламе Зурабішвілі.
Кіроўная партыя «Грузінская мара», якая ініцыявала разгляд закона, праўда, можа пераадолець вета — для гэтага ёй трэба набраць пэўную колькасць галасоў дэпутатаў.
У трэцім чытанні закон падтрымалі 84 парламентарыі, а, як адзначае Paper Kartuli, парламент Грузіі ўжо пераадольваў вета прэзідэнта падчас прыняцця закона аб сакрэтнай следчай дзейнасці — тады для гэтага спатрэбілася 79 галасоў.
Лідар кіроўнай у Грузіі партыі «Грузінская мара» Іраклій Гарыбашвілі крыху раней заяўляў, што ягоная партыя гатовая да дыялогу адносна гэтага закона.
«Каманда гатовая да дыскусіі і, калі працэдурна няма іншага выйсця, вета стане выхадам. У рамках вета магчыма знайсці выхад, які разрадзіць гэтую абстаноўку», — сказаў ён.
Закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» быў прыняты парламентам Грузіі 14 траўня. Разгляд закона суправаджаўся масавымі акцыямі пратэсту, якія жорстка разганялі мясцовыя сілавікі.
Чытайце таксама:
Парламент Грузіі канчаткова зацвердзіў закон аб «замежных агентах». Дэпутаты паспелі пабіцца
На пратэст у Тбілісі супраць «закона аб іншагентах» выйшла 200 тысяч чалавек