БЕЛ Ł РУС

«Будуць арыштаваныя сотні людзей». Пуцін загадаў ФСБ зачысціць Мінабароны, каб пакараць за правалы ва Украіне

27.05.2024 / 11:49

Nashaniva.com

Беспрэцэдэнтная кампанія па арышце высокапастаўленых расійскіх генералаў, якую запусцілі сілавікі пасля адстаўкі кіраўніка Мінабароны Сяргея Шайгу, праходзіць са згоды Крамля. А яе найважнейшая прычына — гэта жаданне спецслужбаў сапхнуць на войска віну за няўдачы ва Украіне, а таксама атрымаць кантроль над вялізнымі бюджэтамі ваеннага ведамства, піша The Moscow Times са спасылкай на свае крыніцы.

Фота: Мінабароны РФ

«Ідзе жорсткая зачыстка. ФСБ зачышчае каманду Шайгу. Гэта чаканы працэс. Сілавікі атрымалі дазвол на самым версе [у кіраўніцтве краіны]», — сказала крыніца, блізкая да Крамля. 

«Да завяршэння чыстак яшчэ далёка. Нас чакаюць новыя арышты», — дадала яна. 

Супрацоўнікі спецслужбаў, адказныя за расследаванні карупцыі, зʼявіліся ў комплексе будынкаў Міністэрства абароны на Фрунзенскай набярэжнай у Маскве яшчэ да таго, як стала вядома аб арышце намесніка міністра Цімура Іванова, аднаго з найбліжэйшых і даўніх паплечнікаў Шайгу. Па словах крыніцы, блізкай да Мінабароны, гэта адбылося ў канцы красавіка, гэта значыць, калі Шайгу яшчэ заставаўся міністрам, але ўжо губляў уплыў. 

«Цяпер там [у будынку Мінабароны] больш чэкістаў, чым вайскоўцаў, мне здаецца», — кажа суразмоўца The Moscow Times. 

За два тыдні пасля звальнення Шайгу па крымінальных справах, звязаных з карупцыяй, былі арыштаваныя ўжо чатыры высокапастаўленыя генералы расійскага войска. Увечары ў чацвер Следчы камітэт паведаміў аб пятым арыштаваным афіцэру. 

Размова можа патэнцыйна ісці аб адной з «самых маштабных чыстак» у сучаснай расійскай гісторыі, і працэс толькі набірае абароты, сказаў The Moscow Times чыноўнік расійскага ўрада. 

«Я думаю, да канца года агулам па ўсіх падраздзяленнях Мінабароны будуць арыштаваны сотні людзей», — дадаў ён. 

Па словах іншага чыноўніка кабміна, матэрыялаў аб карупцыйных схемах у Мінабароны заўсёды «была куча», і заводзіліся крымінальныя справы. «Але пакуль Шайгу быў міністрам і меў вялікі уплыў, следчым не дазвалялі даваць ім ход», — распавядае суразмоўца The Moscow Times. 

Кампанія, на якую ФСБ атрымала дазвол у Крамлі, паказвае, што ва ўмовах ваеннага часу ў супрацьстаянні дзвюх вядучых у Расіі сілавых структур — арміі і ФСБ — перамогу атрымліваюць спецслужбы, лічыць крыніца, блізкая да Крамля. 

«У правале ўварвання вінаваты мусіць быць нехта адзін. Гэта ці спецслужбы, якія займаліся разведкай і аналітычнай падрыхтоўкай вайны і абяцалі Пуціну трыумфальную аперацыю і хуткую перамогу. Але праваліліся. Альбо «другое войска свету» пад кіраўніцтвам Шайгу, якое павінна было забяспечыць Пуціну перамогу. Але аказалася папяровым тыграм і пацярпела катастрофу», — тлумачыць суразмоўца The Moscow Times.

Па выніках перастановак, якія пасля інаўгурацыі на пяты тэрмін зладзіў Пуцін, пасады пазбавіўся не толькі Шайгу, але і каардынатар спецслужбаў, сакратар Савета бяспекі Мікалай Патрушаў. Тым не менш, ФСБ усё ж атрымлівае перамогу ў гэтым супрацьстаянні: яна можа атрымаць заахвочванне і ўзнагароды за «барацьбу з карупцыяй» у вышэйшых эшалонах улады. 

«Задача-максімум — паставіць сваіх людзей і кантраляваць самае смачнае, тыя напрамкі, дзе ёсць вялікія бюджэты, — тлумачыць чыноўнік урада. — Ці вы сурʼёзна лічыце, што нехта з іх у гэты момант думае пра спецаперацыю?» 

23 мая стала вядома, што вайсковы суд у Маскве арыштаваў на два месяцы начальніка Галоўнага ўпраўлення сувязі Узброеных сіл Расіі — намесніка начальніка Генштаба генерал-лейтэнанта Вадзіма Шамарына. СК абвінавачвае яго ў атрыманні хабару ў памеры 36 мільёнаў рублёў. 

У сярэдзіне мая быў узяты пад варту начальнік Галоўнага ўпраўлення кадраў Мінабароны Юрый Кузняцоў па падазрэнні ў атрыманні хабару ў памеры 30,5 млн руб. 

А ў канцы красавіка, незадоўга да сыходу Шайгу з пасады міністра абароны, па такім жа артыкуле быў арыштаваны і адпраўлены ў СІЗА намеснік міністра абароны Цімур Іваноў. Яго абвінавачваюць у атрыманні хабару ў памеры 1,185 млрд руб. 

Акрамя таго, былі арыштаваны былы камандуючы 58-й арміяй Паўднёвай ваеннай акругі генерал Іван Папоў (яго абвінавачваюць у махлярстве) і кіраўнік дэпартамента па забеспячэнні дзяржзаказу Мінабароны Уладзімір Верцялецкі.

Чытайце таксама:

Шольц: Расія на вайне ва Украіне губляе 24 тысяч чалавек у месяц

Макрон заклікаў працягваць падтрымліваць Украіну: Мір — гэта не капітуляцыя

Пад Харкавам загінуў былы спецназавец з Ліды, які ваяваў на баку Расіі

Каментары да артыкула