Праязны дакумент для іншаземцаў у Польшчы неўзабаве могуць выдаваць на тры гады
Цэнтр беларускай салідарнасці ў Варшаве паведаміў, што ў справе павелічэння тэрміну дзеяння польскіх праязных дакументаў для іншаземцаў (гэта актуальна найперш для беларусаў, якія маюць пратэрмінаваныя пашпарты ці тэрмін якіх набліжаецца да заканчэння) дасягнуты істотны прагрэс.
Ілюстрацыйнае фота: Цэнтр беларускай салідарнасці
Кіраўніца аддзела прававой абароны ЦБС Вольга Дабравольская раней звярнулася да польскай сенатаркі Евы Калішук з просьбай дапамагчы ў вырашэнні шэрагу цяжкіх пытанняў, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Польшчы: легалізацыя нованароджаных дзяцей, кароткі тэрмін дзеяння польскага праязнога дакумента, цяжкасці з атрыманнем віз і доўгі тэрмін разгляду заяў на атрыманне дазволу на жыхарства.
Сенатарка Ева Калішук разам з кіраўніцай польскага Сената Малгажатай Кідавай-Блонскай звярнулася з адпаведнай заявай да міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марціна Кервінскага. Адтуль атрыманы адказ, што
праца па працягванні тэрміну дзеяння польскага праязнога дакумента ўжо пачалася. З вялікай доляй верагоднасці гэты дакумент будуць выдаваць на 3 гады, а не на 1, як гэта ёсць цяпер.
Таксама Міністэрства шукае рашэнне, якое б дазволіла беларусам спрасціць працэдуру легалізацыі дзяцей у Польшчы.
У сакавіку па пытанні легалізацыі беларусаў з намеснікам міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацеем Душчыкам сустракаліся таксама намеснікі кіраўніцы Аб'яднага пераходнага кабінета Павел Латушка і Валер Кавалеўскі. Сярод пытанняў яны абмяркоўвалі і павелічэнне да 3 гадоў тэрміну дзеяння польскага праязнога дакумента.
Чытайце таксама:
Кавалеўскі адказаў на восем гарачых пытанняў пра пашпарт Новай Беларусі
У Польшчы рыхтуюць змены ў Закон аб замежніках. Яны закрануць атрыманне ДНЖ і Blue Card
Першыя беларусы ўжо атрымалі літоўскія гуманітарныя ДНЖ на 3 гады