Стала вядома, якую зброю ЗША дазволяць выкарыстоўваць на тэрыторыі Расіі
30 мая Вашынгтон упершыню заявіў, што дазволіць Украіне абмежаванае выкарыстанне амерыканскіх узбраенняў на тэрыторыі Расіі. The Wall Street Journal даведаўся, якія менавіта магчымасці з'явяцца ў Кіева.
Вучэнні сістэм HIMARS у Літве. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Міністэрства абароны Літвы
Паводле інфармацыі выдання, УСУ змогуць выкарыстоўваць РСЗА HIMARS, ракетныя сістэмы GMLRS і артылерыю для ўдараў па камандных пунктах, складах зброі і іншых цэлях на тэрыторыі Расіі, якія выкарыстоўваюцца для атакі Харкава.
Ракеты вялікай далёкасці ATACMS выкарыстоўваць на тэрыторыі Расіі будзе забаронена.
З лютага 2022 года ЗША не дазвалялі выкарыстоўваць любую пастаўленую зброю для ўдараў па цэлях унутры Расіі. Украіне было дазволена наносіць удары толькі па цэлях у анексаваным Расіяй у 2014 годзе Крыме, паколькі ён знаходзіцца ў міжнародна прызнаных межах Украіны.
Новыя геаграфічныя рамкі, устаноўленыя адміністрацыяй Байдэна, адлюстроўваюць адначасовае імкненне Вашынгтона ўзмацніць абараназдольнасць Украіны і знізіць рызыку перарастання канфлікту ў непасрэднае сутыкненне паміж Вашынгтонам і Масквой, піша WSJ.
Чытайце таксама:
Байдэн таемна дазволіў Украіне біць амерыканскай зброяй па тэрыторыі Расіі
Германія дазволіла Украіне наносіць удары па тэрыторыі Расіі нямецкай зброяй. Але ёсць нюанс
Габрыэлюс Ландсбергіс: Украіна мае права біць па расійскіх ваенных цэлях у Беларусі