У цэнтры Вільні з'явіўся надпіс «Вільня наша» па-беларуску. Але да манеры напісання ёсць вялікія пытанні
«Ш» і «л» напісаныя так, як пішуць іх людзі, якія карыстаюцца лацініцай і не ведаюць кірыліцы.
У гэтым доме ў 1909—1911 гадах месцілася рэдакцыя «Нашай Нівы».
У сераду раніцай жыхар літоўскай сталіцы выявіў на сцяне аднаго з дамоў на вул. Піліма (Завальнай) надпіс на беларускай мове «Вільня наша». Муніцыпалітэт неадкладна адрэагаваў на паведамленне, пішуць літоўскія СМІ.
«Сёння раніцай я заўважыў, што фасад дома нумар 5 на вуліцы Піліма (у доме ў 1910 жыў адзін з заснавальнікаў ідэалогіі ліцвінізму Вацлаў Ластоўскі)» упрыгожаны правакатарскім надпісам Вільня наша і знакам, які сімвалізуе беларускі гістарычны сцяг», — цытуюць чытача літоўскія СМІ.
У паліцыю пра інцыдэнт не паведамлялі, таму расследавання не будзе. Надпіс хутка змылі.
У гэтым будынку на рагу Піліма і Каліноўскага ў 1909—1911 гадах была рэдакцыя старой «Нашай Нівы», тут жыў Вацлаў Ластоўскі, менавіта тут спыняўся Максім Багдановіч падчас сваёй вандроўкі з Расіі ў Вільню і Ракуцёўшчыну.
Фота: Delfi.lt
Аднак манера напісання выклікае пытанні. Такое ўражанне, што рабіў надпіс не звыклы да кірыліцы беларус.
Вельмі дзіўна напісана літара «я» ў слове «Вільня». Яна, хутчэй, падобная да «Д». Дзіўнае таксама напісанне «ш», якая выглядае як лацінскае w. Магчыма, таму, што такіх літар (я і ш) у лацінцы няма?
Выява сцяга таксама выклікае пытанні. Беларус, які набіў руку ў маляванні пратэсных сцягоў у 2020—2024 гадах, не намалюе так тонка сярэднюю паласу.
Хутчэй за ўсё, надпіс зроблены на замову беларусафобаў.
Чытайце таксама:
На ўездзе ў Вільню намалявалі надпіс «Вільня наша» з бчб-сцягам. Вось як замаўляюць такія графіці