«Тэлефоны праслухоўваюцца сур'ёзнымі хлопцамі». Орбан рыхтаваўся да сустрэчы з Пуціным таемна — як шпіён
Віктар Орбан расказаў, што ягоны візіт у расійскую сталіцу рыхтаваўся ў таямніцы. Са слоў венгерскага прэм'ера, камунікацыю з нагоды паездкі з міністрам замежных спраў ён вёў у абстаноўцы сакрэтнасці, піша BBC са спасылкай на швейцарскае выданне Weltwohe.
Віктар Орбан. Фота: AP
«Я адправіў таемнае паведамленне міністру замежных спраў, што ён павінен нешта арганізаваць. Таму што тэлекамунікацыі знаходзяцца пад поўным праслухоўваннем іншых «сур'ёзных хлопцаў». І я спрабаваў максімальна трымаць гэта ў таямніцы», — заявіў Орбан.
Інфармацыя пра візіт у Расію пратачылася толькі ў той момант, калі Венгрыя папрасіла Польшчу даць дазвол на пралёт свайго вайсковага самалёта праз яе тэрыторыю.
Орбан сказаў, што ягоныя перамовы з Пуціным працягваліся каля трох гадзін, і падчас сустрэчы ён задаў суразмоўцу тры пытанні: як ён ставіцца да наяўных прапаноў па заканчэнні вайны ва Украіне, ці гатовы ён да часовага спынення агню і як ён уяўляе сабе архітэктуру бяспекі ў Еўропе пасля заканчэння канфлікту.
Пуцін адказаў, што «сапраўдныя перамовы не могуць пачацца без удзелу абодвух бакоў».
«Гэта значыць усё, што мы робім без яго, нічога не значыць. Што цалкам лагічна», — заявіў пры гэтым Орбан.
Пуцін таксама сказаў Орбану, што не адчувае аптымізму з нагоды магчымасці часовага перамір'я, і мае план у дачыненні да становішча ў Еўропе пасля вайны.
Венгрыя цяпер старшынюе ў ЕС. Прадстаўнікі Еўрапейскага саюза асудзілі візіт Орбана ў Маскву і заявілі, што ў яго няма паўнамоцтваў весці перамовы з Пуціным ад імя Еўрасаюза.
Чытайце таксама:
Віктар Орбан анансаваў «новы сюрпрыз» на панядзелак
Орбан прыбыў у Кіеў і паабяцаў «першыя крокі да міру» ўжо падчас візіту
Зяленскі патлумачыў, чаму не пагадзіўся на прапанову Орбана аб спыненні агню
Орбан і Пуцін праводзяць сустрэчу ў Маскве