У мінскім двары злавілі экзатычную змяю
У адным з мінскіх двароў на вуліцы Аэрадромнай 11 ліпеня заўважылі змяю яркай афарбоўкі. Каб яе злавіць, на месца выязджалі ратавальнікі, паведамілі «Мінск-Навіны».
Відавочцы знялі на відэа, як па двары ў бок дома нетаропка паўзла змея, якая сваёй афарбоўкай падобная да атрутнага каралавага аспіда з характэрнымі чырвонымі, чорнымі і светлымі кольцамі.
Занепакоеныя гараджане выклікалі на месца работнікаў МНС, якія злавілі паўзуна і перадалі ў Мінскі заапарк.
Як расказалі ў асветніцкім аддзеле заапарка, да іх прывезлі неядавітую малочную змяю Кэмпбела. Пакуль яна знаходзіцца на карантыне пад наглядам спецыялістаў і не выключана, што хутка стане новым жыхаром установы.
У прыродзе такія змеі распаўсюджаныя вельмі далёка ад Беларусі, у Мексіцы. Таму, верагодна, сустрэтая ў мінскім двары жывёліна — нечы гадаванец, які проста збег ад гаспадара.
Чытайце таксама:
У Інданезіі гіганцкі пітон праглынуў жанчыну
На аўкцыёне ў Смалявічах будуць біцца за права здабываць гадзюк
Пад Ляхавічамі ў вясковую краму прыпаўзла змяя. Давялося выклікаць ратавальнікаў