У Гродне можна набыць сядзібу апошняга караля Рэчы Паспалітай
На вуліцы Прагулачнай 15/1 у Гродне прадаюць частку сядзібы апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пра продаж аб’екта паведамілі на сайце Гродзенскага аблвыканкама, заўважыў Hrodna.life.
Палац у Панямуні. Фота: Hrodna.life
Прадаецца нежылая, часткова мураваная частка будынка, плошчай 271,2 кв. м. Там пасля 1945 года доўгі час знаходзіўся клуб мясцовай «Сельгастэхнікі» з кіназалай і бібліятэкай.
Пачатковая цана аб’екта — 351 тыс. рублёў ($111,2 тыс.). Будынак з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. У ім можна размясціць культурна-асветніцкую ўстанову. Аўкцыён адбудзецца 30 ліпеня 2024 года.
Калі новы ўладальнік не выканае абавязкі, то ў аднабаковым парадку з ім могуць разарваць дамову куплі-продажу.
Частка сядзібы, якую выставілі на продаж вылучана зялёным колерам. Фота: Hrodna.life
Сядзібу ў Панямуні пабудавалі ў 1771 годзе ў стылі позняга барока. Там размяшчалася загарадная рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Палац быў цагляны, атынкаваны і не меў ніякіх дэкаратыўных элементаў на знешніх фасадах. Адзіным упрыгожаннем можна лічыць чатырохкалонны порцік на высокім цокалі. На аўкцыён выставілі частку будынка менавіта з ім.
Да часткі, якая прадаецца, прыбудаваны двухпавярховы драўляны аб’ём. Там жывуць некалькі сем’яў звычайных гродзенцаў.
Недалёка ад сядзібы знаходзіцца капліца сярэдзіны XIX стагоддзя ў стылі неаготыкі, якую перарабілі пад гараж.
Чытайце таксама:
Ураган паваліў векавыя ліпы на сядзібе Храптовічаў у Шчорсах
У палацы Агінскага ў Залессі адкрылі выставу, прысвечаную «подзвігам» савецкіх чэкістаў ФОТАФАКТ