БЕЛ Ł РУС

Браканьеры ў Паўднёвай Афрыцы атрымалі да 50 гадоў за забойства насарогаў

27.07.2024 / 11:57

Nashaniva.com

Суд палічыў, што пакаранне суразмернае злачынствам.

Белы насарог. Фота: Martin Harvey / Getty Images

Суд у ПАР прысудзіў траіх браканьераў да шматгадовых тэрмінаў за забойства белых насарогаў, паведамляе Расійская служба Радыё Свабода.

Дамінік Маізі, Лвазі Маламбе і Аянда Нгамане атрымалі 50 гадоў, 33 гады і 21 год пазбаўлення волі адпаведна.

Акрамя непасрэдна палявання на насарогаў, ім выставілі абвінавачванні ў незаконным валоданні зброяй, у змове з мэтай злачынства і каля дзясятка іншых злачынстваў.

Мнісі і Маламбе затрымалі ў Нацыянальным парку Кругера ў студзені 2017 года. Пры іх былі вінтоўка, патроны і чатыры свежазрэзаныя насарогавы рогі. Непадалёк ад месца іх затрымання знайшлі двух застрэленых белых насарогаў. Абодвух абвінавачаных адпусцілі пад заклад на час разбору.

У 2019 годзе ахоўнікі парку выявілі яшчэ аднаго забітага насарога са спілаванымі рагамі. Браканьераў высачыў сабака-сышчык. Імі аказаліся Мнісі і яго новы саўдзельнік Нгамане. У іх канфіскавалі вінтоўку, патроны, нож і два рогі.

«Я раскайваюся і зразумеў, што здзяйсняць злачынствы кепскаа», — заявіў на апошнім пасяджэнні суда Мнісі. Яго словы паўтарылі саўдзельнікі.

Суд палічыў, што іх словы больш падобныя на шкадаванне, што іх злавілі, чым на шчырае раскаянне, і адзначыў, што пакаранне суразмерна злачынствам.

Чытайце таксама:

У Гомелі ратавальнік падчас нырання знайшоў косткі старажытнай жывёлы

Калумбія хоча стэрылізаваць «какаінавых бегемотаў», якія размнажаюцца што дурныя

У брытанскім заапарку нарадзілася надзвычай рэдкая жывёліна

Каментары да артыкула