«Я ўсё ж такі беларус». Гісторыі рускамоўных людзей, якія ў апошнія гады перайшлі на беларускую мову
30.10.2024 / 20:0
25 кастрычніка беларускі музычны гурт «Пятля прыхільнасці» выпусціў свой сёмы студыйны альбом «Суперпазіцыя». Гэта першы цалкам беларускамоўны альбом гэтых музыкаў, бо да гэтага ўсе іх творы былі на рускай мове, а сам гурт мае вялікую аўдыторыю ў Расіі. Рэліз выклікаў хвалю абурэння там: фанаты наракалі на непаразуменне тэкстаў і з абурэннем успрынялі пераход гурту на беларускую мову. «Радыё Свабода» пагаварыла з беларусамі, якія зрабілі тое ж самае пасля падзей 2020-га ці 2022 года.
Калаж: Радыё Свабода
Аляксандр Кныровіч: «Іншы погляд на свет»
Прадпрымальнік, сябра Каардынацыйнай рады Аляксандр Кныровіч перайшоў на беларускую мову і здаў іспыт на ўзровень В1 па польскай у 50-гадовым узросце. Лічыць гэтыя два свае дасягненні подзвігам.
У сярэдзіне 2010-х бізнэсовец, кіраўнік буйнога холдынга «Сармат», Аляксандр Кныровіч разам з Алегам Хусаенавым, Аляксандрам Паліўкам і Дзмітрыем Церашчанкам вёў праект «Мой бізнэс» на канале АНТ. У «бізнэс-анёла» Кныровіча былі свае праекты і ў клубе «Імагуру». Размаўляў ён выключна па-руску. У 2017-м яго затрымалі, абвінавацілі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў і хабарніцтве. Асудзілі на 5 гадоў.
Пасля адбыцця тэрміну ў верасні 2021 года Аляксандр Кныровіч пераехаў у Польшчу, актыўна выступае ў СМІ, вядзе тэлеграм-канал. У Польшчы таксама пачынаў па-руску. У канцы 2022 года цалкам перайшоў на беларускую мову.
«Калі б я сказаў, што гэта было свядомым выбарам — перайсці на беларускую мову ў публічных камунікацыях — гэта было б хлуснёй. Не было гэта свядомым выбарам», — шчыра прызнаецца Кныровіч.
Бізнэсовец раз на тыдзень выступаў у стрымах «Еўрарадыё», а гледачы пастаянна пісалі ў каментарах, а чаму па-руску? І ў верасні 2022 года ў эфіры «Еўрарадыё» ён паабяцаў, што праз 4 месяцы, з новага года, цалкам пяройдзе на беларускую мову.
«Я ўсё ж такі беларус, хоць і вырас у рускамоўным асяроддзі. Карацей, я паабяцаў гэта сваім гледачам. Другі крок — мая праграма пра эканоміку «Атмасфера» на «Белсаце». Мы спрабавалі рабіць двухмоўнае выданне, але праз пэўны час вырашылі перайсці на беларускую. Была нейкая рызыка, але мы асэнсавана зрабілі гэта.
Ну а трэці крок… Калі ты ўжываеш беларускую мову, у цябе іншы погляд на свет, такое дзіўнае ўнутранае адчуванне, гэта праўда. Беларуская мова — гэта тое, што нас аб'ядноўвае, дазваляе адчуваць сябе беларусамі.
І на сваім асабістым канале, калі я раблю стрымы, ёсць правіла: калі пытанне задаецца па-беларуску, заўсёды адказваю па-беларуску праз павагу да свайго гледача».
Аляксандр Кныровіч расказаў, што некалькі ўрокаў займаўся з настаўнікамі. Ён вельмі ўдзячны супрацоўнікам «Белсата», якія падказвалі, як правільна вымаўляць, ставіць націск.
І з гонарам кажа, што нядаўна здаў іспыт па польскай мове на ўзровень В1. Займаўся 2-3 разы на тыдзень на працягу 8 месяцаў з рэпетытарам і здаў з вынікам 84 %.
«Гэта мой подзвіг у 50 гадоў! Мае родныя апошні месяц не маглі мяне пераносіць, я быў вельмі напружаны, злы! Бо ў 50 мова засвойваецца не так, як у 15 ці 8 гадоў. Я глядзеў на сваю ўнучку, якая праз тры месяцы ў Польшчы ўжо размаўляла, а цяпер ведае мову не горш за палякаў. Але і я гэта зрабіў!» — кажа Аляксандр Кныровіч.
Дзмітрый Фурманаў: «Добрая школа была ў мяне за кратамі»
Дзмітрый Фурманаў уваходзіў у ініцыятыўную групу па вылучэнні Святланы Ціханоўскай у прэзідэнты. Яго арыштавалі падчас пікета для збору подпісаў у Гродне 29 мая 2020 года разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Асудзілі на 2 гады калоніі, выйшаў на волю 21 кастрычніка 2021 года і адразу ж выехаў з Беларусі. Жыве ў Вільні, ён сузаснавальнік прасторы і крамы «Кропка». Цалкам перайшоў на беларускую мову ўжо ў эміграцыі, у канцы 2022-га.
Аднак кажа, што са сваёй будучай жонкай Вольгай пачаў выкарыстоўваць беларускую мову ў сацсетках у канцы 2019 года.
«Прычым не толькі паміж сабой, але і ў камунікацыі з іншымі людзьмі мы кантактавалі па-беларуску. Гэта быў першы крок да паступовага пераходу на беларускую мову ў размовах.
Добрая школа беларускай мовы была ў мяне за кратамі. Мне слалі лісты, паштоўкі — я адказваў па-беларуску. Чытаў кнігі, хоць іх у турэмнай бібліятэцы было няшмат. Гэта апрача сапраўднай школы, бо я застаў яшчэ часы, калі ў 1990-х усе прадметы выкладаліся па-беларуску», — успамінае Дзмітрый.
У канцы 2022 года яны з жонкай прыйшлі да высновы, што могуць і павінны размаўляць па-беларуску.
«Я тады скончыў праваабарончую школу ў Вільні, выкладчык Андрэй Палуда са здзіўленнем запытаўся, чаму я дагэтуль размаўляю па-руску, хоць у сацсетках пішу па-беларуску. Я адказаў, што рыхтуюся перайсці, але крыху асцерагаюся, што мой узровень беларускай яшчэ слабаваты, не хачу пачынаць з трасянкі. Ён сказаў, што трэба пачаць размаўляць — і паступова ўдасканальваць.
Цяпер у сям'і гаворым выключна па-беларуску, шмат чытаем СМІ, глядзім ютуб-каналы на беларускай. У сваёй краме «Кропка» прадаем беларускія кнігі», — кажа Фурманаў.
Дзмітрый і Вольга Фурманавы вывучылі на базавым узроўні і літоўскую мову. Калі атрымалі статус уцекачоў, вучыліся на праграме інтэграцыі, потым яшчэ дадаткова хадзілі на курсы. За паўтара года атрымалі сертыфікаты ўзроўню А2.
Канстанцін Каверын: «Калі з'яжджаеш, больш востра адчуваеш сябе беларусам»
Канстанцін Каверын, вядоўца праграмы «Обычное утро» на YouTube, а ў мінулым голас «Барысаў Арэны» і «Радыё Юністар», у звычайным жыцці, у эфірах, на футбольных матчах карыстаўся выключна рускай мовай.
Летам 2022 года выехаў з краіны разам з жонкай, якая працуе ў ІТ і была рэлакаваная ў Варшаву. Прызнаецца, што пераход на беларускую мову ўжо ў Польшчы не быў прынцыповым рашэннем.
«Нічога прынцыповага ў гэтым не было. Пачалося і пачалося. Спачатку эфіры ў Варшаве вяліся па-руску, калі ж госці былі беларускамоўныя — пераходзілі на беларускую.
Але за мяжой хочацца быць крыху больш беларусам, чым ёсць на самай справе. Мы ж у эміграцыі, мы эмігранты. А дзе яшчэ захоўваць беларускасць, як не ў эміграцыі? Ну не ў Беларусі ж яе захоўваць!» — кажа Канстанцін.
Тэлевядоўца расказаў, як днямі рыхтаваўся да размовы з кіраўніком Беларускай Рады культуры Сяргеем Будкіным пра «Ноч расстраляных паэтаў».
«Прыйдзе Будкін, ну як пра гэта я буду размаўляць па-руску? На сайце Радыё Свабода знайшоў некалькі цікавых артыкулаў, пачытаў, падрыхтаваўся.
Я лічу, што калі ты з’язджаеш, ты больш востра адчуваеш сябе беларусам. Ты апынуўся ў іншамоўным асяроддзі, польскім, і пачынаеш сам сабе задаваць гэтае пытанне: хто ты? Гэта не пытанне прынцыпу, так яно ідзе само па сабе. І гэта нармальна. Хоць, напэўна, калі б мы заставаліся ў Беларусі, рабілі б такі кантэнт па-руску», — шчыра кажа Канстанцін.
Польскую мову тэлевядоўца збольшага вывучыў, хоць іспыту на ўзровень не здаваў.
«Размаўляю па-польску — каб схадзіць на піва, пагутарыць з палякамі. Я сам хачу памяняць колы ў машыне, вырашыць побытавыя пытанні. Наведваю бацькоўскія сходы ў школе. Вядома, карыстаюся і анлайн-перакладчыкам.
Год вывучаў польскую мову з рэпетытарам, а потым мяне вучылі ў пабе наведнікі. Яны не дазваляюць паслабленняў, калі ты размаўляеш з памылкамі, як пачатковец, яны скажуць табе гэта ў твар.
Ну а дачка ведае польскую, зразумела, лепш за мяне, яна мяне папраўляе. Напрыклад, прыйшоў купіць увільгатняльнік паветра і не ведаў, як сказаць па-польску, а дачка адразу падказала: nawilżacz», — падзяліўся Канстанцін Каверын.
Штраф 2 злотых за рускае слова
Алеся (імя змененае з меркаванняў бяспекі. — РС) прыехала ў Польшчу летам 2021 года. У Беларусі на працы, з сябрамі, сваякамі размаўляла па-руску, хоць беларускую мову добра ведала. У атэстаце па беларускай мове і літаратуры былі «дзявяткі», цэнтралізаваны тэст здавала па беларускай мове і атрымала 87 балаў.
Суразмоўца расказвае, што ў Польшчы падалася на «карту паляка» і з першых дзён пачала інтэнсіўна вывучаць польскую мову (для атрымання дакумента трэба было здаць спецыяльны іспыт па мове, гісторыі, культуры). Кажа, што добрае веданне беларускай дапамагло даволі хутка засвоіць і польскую. Аднак сур’ёзна займалася з рэпетытарам, значная частка сродкаў пайшла на яго аплату.
Спачатку ўладкавалася на працу на склад, з калегамі-палякамі старалася размаўляць па-польску, а з беларусамі, якія таксама працавалі на складзе, гаварыла па-руску.
«Калектыў на працы быў інтэрнацыянальны: палякі, беларусы, украінцы. Калегі-палякі неяк пацікавіліся, чаму паміж сабой беларусы размаўляюць па-руску, няўжо мы не ведаем роднай мовы. Задумаліся: нібыта ведаем… Асабіста для мяне перайсці на беларускую мову не праблема, я шмат чытаю па-беларуску.
А калі пачалася вайна ва Украіне, мы вырашылі, што размаўляць у Польшчы па-руску — гэта ганьба! Увялі на працы сістэму сімвалічных штрафаў — 2 злотых за ўжыванне рускіх слоў. Паставілі «скарбонку» — прыгожую скрыначку з прарэзам для манет. Трацілі іх на ласункі да кавы. Здавалася б, 2 злотых — невялікія грошы, але праз пару месяцаў пілі каву падчас перапынкаў ужо без ласункаў, ніхто «не праколваўся», — з усмешкай успамінае Алеся.
Пазней Алеся выйшла замуж за беларуса, і яны разам вырашылі пераехаць у большы горад. Абое здалі польскую мову на ўзровень В1. Паміж сабой і з беларускімі сябрамі яны размаўляюць выключна па-беларуску. Алеся скончыла курсы «кніжнікаў» (бухгалтараў). Здала наступны іспыт па польскай ужо на ўзровень В2. Уладкавалася на новую працу як фінансавы аналітык.
Чытайце таксама:
Настаўнік замежных моў з Яраслаўля пераехаў у Беларусь і цяпер працуе ў беларускамоўным часопісе