«Гэта ўжо і ёсць прывабнасць». Стала вядома, колькі зарабляюць чыноўнікі-кіраўнікі ў рэгіёнах
Сенатар Міхаіл Русы лічыць заробак прывабным.
Міхаіл Русы. Скрыншот відэа
Былы віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы расказаў, колькі зарабляюць кіраўнікі дзяржаўных органаў у рэгіёнах.
У эфіры СТБ у сенатара спыталі, як зматываваць чыноўнікаў заставацца на месцах. У адказ Русы адзначыў, што прапанаваны ім заробак ўжо з’яўляецца прывабным.
«Сёння заробак наладжаны так, што кіраўнік, калі ёсць вытворчасць, зарабляе 7-8 тысяч. Гэта ўжо і ёсць прывабнасць. Плюс прадастаўляецца жыллё, створаны аграгарадкі, ёсць умовы для жыцця. Цяпер кіраўнік дзяржавы паставіў задачу — вёска будучыні, зрабіць яшчэ адзін штуршок», — адзначыў Русы.
Пры гэтым, паводле слоў экс-міністра, на такія лічбы могуць разлічваць далёка не ўсе кіраўнікі.