БЕЛ Ł РУС

Японскім дыпламатам не дазволілі прысутнічаць на судзе над японцам

11.01.2025 / 17:30

Nashaniva.com

Амбасада Японіі ў Беларусі звярталася да ўладаў краіны з запытам дазволіць яе дыпламатам прысутнічаць на судовым пасяджэнні над грамадзянінам Японіі Наканісі Масатосі, але запыт быў адхілены, паведамілі NHK (Японская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя) у амбасадзе. Пра гэта піша «Радыё Свабода».

Наканісі Масатосі. Кадр з прапагандысцкага сюжэту

Працэс над палітычным зняволеным грамадзянінам Японіі Наканісі Масатосі пачаўся 10 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе. Ён праходзіць у закрытым рэжыме.

Наканісі інкрымінавалі арт. 358-1 КК («Агентурная дзейнасць»). Працэс вядзе суддзя Анжэла Касцюкевіч. Грамадзяніну Японіі пагражае да 7 гадоў калоніі.

Наканісі Масатосі пераехаў у Беларусь у 2018 годзе, узяў шлюб з беларускай і працаваў выкладчыкам японскай мовы ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны.

Яго затрымалі ў ліпені 2024 года, але падрабязнасці ягонага пераследу былі агучаны ў сюжэце БТ толькі ў верасні. У ім сцвярджалася, што мужчына «ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальніцкай інфармацыі вайсковага характару».

Японія заявіла пратэст Беларусі ў сувязі з арыштам і абвінавачваннямі ў адрас свайго грамадзяніна Масатосі Наканісі. Галоўны сакратар Кабінета міністраў Японіі Ёсімаса Хаясі назваў сюжэт беларускіх прапагандыстаў пра Масатосі «вартым жалю» і заявіў, што японскі ўрад будзе аказваць «усю магчымую падтрымку, каб абараніць нашых суайчыннікаў».

У снежні 2024 года стала вядома пра затрыманне другога японца, што пацвердзіла амбасада Японіі. Яго прозвішча невядомае.

Чытайце таксама:

Сфабрыкаваныя пераклады і лжывыя абвінавачванні. Што пішуць японскія СМІ пра затрыманых грамадзян у Беларусі

На Беларускай чыгунцы затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Японіі

«Неверагодна, што дзяржТБ можа так адкрыта хлусіць». Чалавек, якога БТ назвала куратарам японскага шпіёна, пракаментаваў сітуацыю

«Японскіх шпіёнаў» у Беларусі затрымліваюць не першы раз. Праўда, першая аперацыя скончылася смерцю даносчыка

На дзяржТБ расказалі, у чым вінавацяць затрыманага японца, які выкладаў ва ўніверсітэце ў Гомелі

Каментары да артыкула