БЕЛ Ł РУС

Памёр дзед-дыджэй Казімір — легенда Мінска

19.01.2025 / 1:28

Nashaniva.com

Эпатажны Казімір Казіміравіч прыкоўваў позіркі мінчукоў. Высветлілася, што паўтара года таму яго не стала.

Дзед Казімір (па пашпарце — Казімір Дзмітрыевіч Карпенка). Фота: citydog.io

Сямейная гісторыя дзеда Казіміра трагічная. Перад вайной яго бацькі былі рэпрэсаваныя і высланыя ў лагер у Магадан (Расія). Там і нарадзіўся Казімір, 5 сакавіка 1949 года. Рос ён у дзіцячых дамах.

«Нараджэнне дзіцяці на зоне было па-за законам, і маме за гэта далі яшчэ адзін тэрмін. А мяне адвезлі ў дзіцячы дом, куды — ёй не паведамілі. Пасля вызвалення ў 1952-м мама засталася жыць у Магадане на вольным пасяленні, а бацька з'ехаў шукаць мяне», — расказваў ён.

Праз некалькі гадоў маці Казіміра пасялілася ў Запарожжы. Яна была ўпэўненая, што два яе Казіміры — сын і былы муж — сустрэліся. Сама яна завяла новую сям'ю. Пазней дзед Казімір даведаўся, што яго бацька родам з Беларусі, вёскі Цешавічы Гродзенскага раёна.

У Мінск будучая гарадская легенда пераехала ў 1990-м. Да пенсіі Казімір працаваў на будоўлях, быў сталяром, а пасля і дырэктарам Дома культуры. Модным дыджэем ён стаў пасля 60. Ездзіў на гастролі ў Германію, Казахстан, Кітай, Карэю.

А яшчэ пісаў вершы і рабіў стылёвыя кійкі і нэцкэ (маленькія фігуркі).

Гарадскую легенду можна было сустрэць на шпацыры каля яго дома на вуліцы Сталетава, у парках Горкага і Чалюскінцаў. Ярка ўбранага, у капелюшы і сонечных акулярах, з мудрагелістым кійком, яго немагчыма было не заўважыць.

Дзед Казімір, па яго словах, быў тройчы жанаты. Меў чатырох сыноў і дзвюх дачок, якія жывуць у Расіі і ва Украіне. 

Фота: «Звязда»

Мужчыны не стала 29 чэрвеня 2023 года. Пра гэта «Нашай Ніве» стала вядома з базы даных памерлых, якую здабылі «Кіберпартызаны».

Дзед Казімір расказваў журналістам, што меў анкалогію і перанёс некалькі аперацый. Але не тужыў.

«Я не гібею, а жыву, — быў яго дэвіз. — Жыццё маё не бесталковае, цікавасць у ім заўсёды ёсць, я пакінуў след».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула