БЕЛ Ł РУС

Акаўнт сілавікоў шукае ахвотных паздымаць людзей на форуме апазіцыі. А ў іншых чатах папярэджвае, што гэта небяспечна

20.01.2025 / 15:11

Nashaniva.com

Гэта вельмі падобна на стыль ГУБАЗіК — менавіта Артур Гайко сочыць за акцыямі беларускай эміграцыі.

Калаж «Нашай Нівы»

Карэспандэнты «Нашай Нівы» звярнулі ўвагу на дзіўную актыўнасць новастворанага тэлеграм-акаўнта ID 7685816821.

14 студзеня ён уступіў у некалькі чатаў, звязаных з Літвой і Польшчай. 16 студзеня ён напісаў у суполку «Варшава чат» вось такое паведамленне:

Паведамленне невядомага карыстальніка ў чаце «Варшава чат»

На наступны дзень гэты ж акаўнт спытаўся ў літоўскім чаце, ці не прапанавалі камусьці здымаць за грошы форум Ціханоўскай. А сёння ад самай раніцы ён жа раскідвае аднатыпныя паведамленні такога зместу:

Тэкст, які рассылае акаўнт Shane

У чаце беларусаў Вільні акаўнт папярэдзіў карыстальніка, што, маўляў, шукаюць людзей, гатовых быць фатографамі на мерапрыемстве, а пасля «ў іх адбяруць у Беларусі кватэры».

Зусім незразумела, у чым сэнс такой паралельнай гульні ў супрацьлеглых кірунках.

Мы паспрабавалі напісаць акаўнту Shane з пытаннем пра тое, што трэба здымаць у Варшаве. Ён адаслаў нас у тэлеграм-бот @EventShots_bot. Вось што нас насцярожыла.

Па-першае, бот створаны крыва — у ім на дзвюх мовах бачны такі надпіс з процьмай памылак у польскай мове:

Скрыншот тэксту з бота

З польскай тэкст перакладаецца вось так: «Прарыў, Віктар. Дашлі фота або выяву ды атрымаеш графічны доказ. Ананімнасць гарантаваная!»

Па-другое, ён створаны з дапамогай FleepBot, які паказвае ID карыстальнікаў, якія пішуць у бот — менавіта ім карыстаецца ГУБАЗіК, у той час, як у КДБ ёсць самаробныя боты. Гэта важна для аналізу таго, ці сапраўдны чалавек піша ў бот і ці не журналіст ён.

Акурат нядаўна Гайко анансаваў у сваім канале «Беларускі сілавік», што гатовы плаціць за інфармацыю пра беларускую міграцыю і беларускіх добраахвотнікаў. І акурат Гайко летась збіраў інфармацыю пра правядзенне Дня Волі ў эміграцыі.

Чытайце таксама:

У Вільні шукаюць людзей, гатовых за грошы шпіёніць за літоўскімі спецслужбамі і здымаць акцыі беларусаў

Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі: гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

«Сёння гарыць смецце, заўтра будуць гарэць вашы дзеці». Беларусам Літвы рассылалі пагрозы ад імя ультранацыяналістаў. Але пракалоліся

Каментары да артыкула