БЕЛ Ł РУС

Лідар групоўкі ХТШ Ахмед аль-Шараа абвешчаны часовым прэзідэнтам Сірыі

30.01.2025 / 7:58

Nashaniva.com

Фактычны лідар Сірыі і кіраўнік групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ) Ахмед аль-Шараа афіцыйна прызначаны часовым прэзідэнтам краіны, піша Бі-бі-сі.

Фота: Mosa'ab Elshamy, File / AP

Ісламісцкая групоўка ХТШ, якая забароненая ў многіх краінах як тэрарыстычная арганізацыя, пад кіраўніцтвам аль-Шараа ўзначаліла наступленне паўстанцаў, у выніку якога ў пачатку снежня мінулага года ў Сірыі быў зрынуты рэжым Башара Асада.

Аль-Шараа, які ў мінулым быў палявым камандзірам і насіў псеўданім Абу Махамед аль-Джулані, атрымаў паўнамоцтвы ад новых сірыйскіх уладаў, каб сфармаваць часовую заканадаўчую раду, якая будзе дзейнічаць да прыняцця новай канстытуцыі краіны.

Аб прызначэнні аль-Шараа было абвешчана на сустрэчы ў Дамаску, у якой удзельнічалі камандзіры іншых узброеных груповак, што ўваходзілі ў паўстанцкі альянс пад кіраўніцтвам ХТШ.

Сірыйскае кіраўніцтва таксама абвясціла аб роспуску ўсіх узброеных груповак, датычных да звяржэння рэжыму Асада, а таксама арміі і спецслужбаў, сфармаваных пры папярэдняй уладзе. Замест іх, як паведамляецца, будзе створана новая структура, адказная за бяспеку, але падрабязнасці пакуль не раскрываюцца.

Аль-Шараа просіць яго не баяцца

Ахмед Хусэйн аль-Шараа ў юнацтве набыў вядомасць сярод джыхадыстаў, калі ў 19 гадоў з’ехаў у Ірак і ўступіў у шэрагі «Аль-Каіды», каб, як ён сам казаў, супрацьстаяць уварванню ЗША. У 2006 годзе яго арыштавалі амерыканскія сілы ў Іраку, і ён амаль пяць гадоў правёў у турме.

Адразу пасля вызвалення «Аль-Каіда» даручыла яму стварыць сваё аддзяленне ў Сірыі, што ён і зрабіў.

Аднак з цягам часу ён пачаў адыходзіць ад групоўкі, заяўляючы, што яго погляды змяніліся, і ён больш не імкнецца да стварэння сусветнага халіфата, а хоча сканцэнтравацца на ўмацаванні ўлады ў Сірыі.

Пасля звяржэння рэжыму Асада многія ў Сірыі, асабліва этнічныя і рэлігійныя меншасці, а таксама многія заходнія лідары, з трывогай назіралі, як фактычным кіраўніком краіны становіцца чалавек з багатым джыхадысцкім мінулым. Сам аль-Шараа ў шматлікіх інтэрв’ю, у тым ліку заходнім СМІ, запэўнівае, што новая Сірыя і яе ўлады не ўяўляюць пагрозы ні для саміх сірыйцаў, ні для свету.

Ён просіць не параўноўваць сітуацыю ў Сірыі з афганскімі талібамі, якія захапілі там уладу пасля вываду сіл заходняй кааліцыі і ўвялі жорсткія законы шарыяту.

Сярод іншага, Аль-Шараа абяцае, што новыя сірыйскія ўлады не будуць парушаць правы жанчын, захаваюць адукацыю даступнай для ўсіх, а таксама раззброяць усе тамтэйшыя ісламісцкія групоўкі.

На мінулым тыдні з Аль-Шараа сустрэўся міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.

Чытайце таксама:

Новыя ўлады Сірыі патрабуюць ад Расіі выдаць Башара Асада

Новыя ўлады Сірыі пагадзіліся аднавіць адносіны з Расіяй. Але толькі пасля прызнання памылак і выплаты кампенсацыі

Рыжанкоў сустрэўся з новым кіраўніцтвам Сірыі

Каментары да артыкула