БЕЛ Ł РУС

Яшчэ адна спартсменка з Беларусі атрымала польскае грамадзянства

3.02.2025 / 17:30

Nashaniva.com

Некалькі дзён таму лучніца з Беларусі Карына Казлоўская расказала ў інстаграме, што атрымала польскае грамадзянства. Раней яна ўжо прадстаўляла Польшчу на міжнародных спаборніцтвах, піша «Трыбуна».

«Я вельмі шчаслівая, што мая мара здзейснілася і што я паўнавартасная полька. Радая, што ў маёй сямʼі я першая, у каго не толькі нацыянальнасць, але і грамадзянства польскае», — напісала яна ў сваім інстаграме некалькі дзён таму.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Karina Kozłowska OLY (@kazlouskaya.karyna)

У чэрвені 2023 года Карына Казлоўская разам з польскай камандай узяла бронзу на Кубку Еўропы. Пазней дзяўчына заявіла, што прыпыняе кар'еру праз канфлікт з Янам Лахам, дырэктарам і трэнерам клуба «Лучнік», які прадстаўляла.

Спартсменку не задавальнялі нагрузкі ў клубе і стаўленне да сябе. Па яе словах, дырэктар выказваў абразы па нацыянальнай прыкмеце, піша «Трыбуна». Тады Казлоўскую звольнілі з фармулёўкай «за прагулы», але яна не пагадзілася і падала ў суд з намерам змяніць словы гэтага абгрунтавання.

Судовую справу дзяўчына выйграла. «Фармулёўку аб звальненні павінны змяніць. Як і казала раней, змяніць клуб у Польшчы складана. Трэба плаціць вялікую кампенсацыю», — расказала яна «Люстэрку».

Карына Казлоўская. Фота: kazlouskaya.karyna / Instagram

З лютага 2024 Казлоўская аднавіла кар'еру, працягнуўшы выступаць за той жа самы «Лучнік». Летась яна ўдзельнічала ў турніры ў Славеніі. У алімпійскую зборную дзяўчына не патрапіла: па яе словах, яе не дапусцілі да адбору ў каманду.

З польскім пашпартам ужо некалькі гадоў выступаюць лёгкаатлеткі Крысціна Ціманоўская і Марына Жодзік. Парусніца Анастасія Валькевіч знаходзіцца ў працэсе атрымання дакумента на падставе рэпатрыяцыі — бабуля спартсменкі была полькай па нацыянальнасці.

Маргарыта Качанава — яшчэ адна беларуска, якая будуе спартыўную кар'еру ў Польшчы. 26-гадовая ўраджэнка Гродна выступае ў бегу са спецыялізацыяй 400 і 800 метраў. У Польшчы дзяўчына жыве з 2017 года.

Пасля пераезду ў суседнюю краіну яна пачала выступаць на ўнутраных турнірах, дзе прадстаўляе клуб AZS AWF Кракаў. Увесну 2021 года Качанава атрымала польскае грамадзянства і адмовілася ад беларускага. Дзяўчына ўдзельнічае ва ўнутраных і міжнародных спаборніцтвах, прадстаўляючы Польшчу.

Чытайце таксама:

«Мусім толькі працаваць на яго, спаць і есці». Чаму найлепшая беларуская лучніца судзіцца з польскім трэнерам

Ціманоўская пра жыццё ў ЗША: Жудасная ежа і агідны сэрвіс

Польшча дала грамадзянства беларусу, які 12 гадоў даказваў, што не ўяўляе сабой пагрозы

Арына Сабаленка трапіла ў скандал з-за дзіўнага стаўлення да выйгранага трафея ВІДЭА

Каментары да артыкула