БЕЛ Ł РУС

Як склаўся лёс дзяўчыны, якая ў 2020-м запрасіла Лукашэнку на танец?

10.02.2025 / 11:35

Nashaniva.com

24-гадовую Вольгу Пятровіч можна было чакаць, напрыклад, у службе пратаколу ці ў Нацыянальнай школе прыгажосці, але яе кар'ера пакуль больш сціплая.

Пятровіч вальсіруе з Лукашэнкам на балі ў 2020-м. Скрыншот відэа «Пул першага»

Вольга родам з Барысава. У 2020-м яна была студэнткай 3-га курса Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, вучылася на бюджэце на інжынера лясной гаспадаркі. Актыўна ўдзельнічала ў жыцці ўніверсітэта, трапіла на конкурс «Міс Беларусь» — а таму і была запрошана на баль да Лукашэнкі.

«Гэта было незабыўна. Не ўсім выпадае такая магчымасць, — казала дзяўчына пра баль. — Атмасферу не перадаць, усё настолькі ўрачыста. (…)

Я сама запрасіла Лукашэнку на танец. Ён не адмовіў — танчыць добра. Танчылі вальс, гаварылі пра баль, якая ўрачыстая абстаноўка, якія танцоры і як яны выдатна выглядаюць і стараюцца».

У 2022-м дзяўчына скончыла ўніверсітэт.

Было б чакана пабачыць 24-гадовую Вольгу, напрыклад, у службе пратаколу ці ў Нацыянальнай школе прыгажосці, але яе кар'ера пакуль больш сціплая. Яна працуе інжынерам па лесааднаўленні і меліярацыі Барысаўскага вопытнага лясгаса.

Завочна дзяўчына сканчвае магістратуру. І мільгае на розных раённых мерапрыемствах.

Вольга Пятровіч. Фота: сацсеткі

Вольга Пятровіч. Фота: сацсеткі

Паралельна Вольга ўдзельнічала ў конкурсах прыгажосці. Трапіла ў топ-10 на «Міс Беларусь 2021». Атрымала тытулы «Міс Барысаў» і «Міс Міншчына» ў 2023 годзе. Але ў мадэльны бізнэс не збіраецца.

«Мяняць справу на подыум не планую», — казала яна дзяржаўнай газеце.

На конкурсе «Міс Міншчына» ў 2023 годзе. Фота: peramoga.by

У 2020 годзе Вольга Пятровіч са сваёй палітычнай пазіцыяй яшчэ не вызначылася. Яна тады казала:

«Я сёлета не галасавала. Вырашыла застацца ў баку ад гэтага пытання. Пра падзеі ў краіне — я захоўваю нейтралітэт. Кожны бок па-свойму мае рацыю — і не мае адначасова. Таму я канкрэтнай пазіцыі не займаю».

Фота: сацсеткі

Сёлета Вольга на выбарах была — галасавала ў асноўны дзень. У падарунак атрымала сертыфікат на наведванне Барысаўскага аб'яднанага музея.

Вольга Пятровіч на выбарах-2025. Фота: «Мінская праўда»

«Я лічу сябе шчаслівым чалавекам. У мяне ёсць любімая праца, сям'я, у краіне мір і спакой, моладзі адкрыты ўсе дзверы», — падзялілася яна з дзяржаўнай прэсай на ўчастку.

Чытайце таксама:

Па правую руку ад Лукашэнкі — Коля, па левую — Насця Казырыцкая. Нагадваем, хто яна такая

«Наш самы салодкі дзень». Марыя Васілевіч апублікавала ФОТЫ з вяселля

Лукашэнка падпісаў указ пра конкурсы прыгажосці. Паехаць на міжнародныя конкурсы можна будзе толькі з дазволу дзяржавы

Каментары да артыкула