У Вялікабрытаніі навучыліся амаль цалкам аднаўляць літый і графіт з выкарыстаных батарэй электрамабіляў
15.02.2025 / 20:18
Новы метад можа перавярнуць усю індустрыю электрамабіляў, ствараючы замкнёны цыкл вытворчасці батарэй і істотна зніжаючы залежнасць кампаній ад імпарту рэдкіх металаў.
Фота: Vecteezy
Кампанія Altilium, якая знаходзіцца ў Вялікабрытаніі, дабілася значных поспехаў у перапрацоўцы батарэй для электрамабіляў, амаль цалкам вяртаючы з іх ключавыя рэдказямельныя металы, паведамляе навуковы партал Interesting Engineering.
Гэта стала магчымым дзякуючы аўтарскай тэхналогіі EcoCathode, якая змагла аднавіць з «чорнай масы» (сумесі металаў і іншых матэрыялаў, якая застаецца пасля драбнення батарэй) больш за 97% літыя і 99% графіту. Метад быў паспяхова апрабаваны на літый-жалеза-фасфатных (LFP) і нікель-марганец-кобальтавых (NMC) батарэях — самых распаўсюджаных у індустрыі электрамабіляў, адзначае брытанская кампанія Altilium.
У абодвух відах батарэй літый і графіт з'яўляюцца ключавымі кампанентамі. Літый патрэбны для вытворчасці катодаў, дзе адбываюцца рэакцыі захоўвання і вызвалення энергіі, забяспечваючы батарэям высокую ёмістасць і даўгавечнасць. А графіт — гэта асноўны матэрыял для стварэння анодаў, другой важнай часткі батарэі, якая адказвае за яе стабільную працу і высокую хуткасць зарадкі.
Апроч гэтага, кампанія Altilium паказала нядрэнныя вынікі ў аднаўленні такіх высокакаштоўных металаў, як нікель, марганец і кобальт (пры перапрацоўцы NMC-батарэй), што ў сукупнасці з амаль ідэальнымі паказчыкамі па літыі і графіце дэманструе вялікую экалагічную і камерцыйную выгаду ад выкарыстання тэхналогіі EcoCathode.
Новы метад не толькі значна зніжае колькасць шкодных адкідаў ад батарэй, але і набліжае свет да стварэння замкнёных цыклаў вытворчасці акумулятараў для электрамабіляў (амаль поўнага самазабеспячэння рэсурсамі), што дазволіць кампаніям у галіне пазбавіцца ад залежнасці ў імпарце рэдказямельных металаў.
Чытайце таксама:
Матэрыял для лепшага захавання энергіі знайшлі ў нечаканым месцы
Да 2050 года сонечная энергія мае стаць асноўнай крыніцай электраэнергіі. Чаму гэта важна
Найноўшая мадэль электрамабіля Zeekr паказала сусветны рэкорд па хуткасці зарадкі