БЕЛ Ł РУС

На гэтым тыдні ва Украіну прыедзе міністр фінансаў ЗША — першым з каманды Трампа

11.02.2025 / 23:59

Nashaniva.com

Пра візіт міністра фінансаў ЗША Скота Бесэнта ва Украіну паведаміў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

Скот Бесэнт. Фота: AP Foto/Moriah Ratner

«Я адпраўляю міністра фінансаў Скота Бесэнта ва Украіну на сустрэчу з прэзідэнтам Зяленскім. Вайна павінна завяршыцца і хутка завершыцца — надта шмат смерцяў і разбурэння. ЗША выдаткавалі мільярды даляраў па ўсім свеце, але вынікаў амаль няма. Калі Амерыка моцная, у свеце пануе мір», — напісаў Трамп у сваёй сацсетцы Truth.

Бесэнт стане першым чыноўнікам новай адміністрацыі Трампа ў рангу міністра, які наведае Украіну.

Крыніцы агенцтваў Reuters i Bloomberg мяркуюць, што Бесэнт падчас свайго візіту будзе абмяркоўваць патэнцыйную здзелку па пастаўках Украінай ЗША рэдказямельных металаў. 

Дональд Трамп на мінулым тыдні казаў, што ў абмен на працяг амерыканскай падтрымкі Украіна магла б даць ЗША доступ да сваіх рэдказямельных металаў. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваю чаргу заявіў, што гатовы пагадзіцца на гэтую ўмову. Больш таго, такая прапанова ўтрымлівалася ў ягоным «Плане перамогі», пададзеным да разгляду саюзнікаў Украіны восенню мінулага года.

Украіна здабывае літый, тытан і графіт, якія адносяцца да ліку крытычных мінералаў, неабходных для многіх тэхналагічных вырабаў.

Акрамя Бесэнта, Уладзімір Зяленскі збіраецца сустрэцца на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая таксама плануецца на гэтым тыдні, з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Дзі Вэнсам і іншымі членамі каманды Трампа. Таксама ён будзе дыстанцыйна гаварыць з самім Трампам.

Чытайце таксама:

Трамп анансаваў размову з Зяленскім на гэтым тыдні

Дарадца Трампа: Гарантыі бяспекі для Украіны павінна ўзяць на сябе Еўропа

Трамп расказаў пра тэлефонную размову з Пуціным наконт Украіны

Зяленскі расказаў, як бачыць «здзелку» з Трампам па карысных выкапнях

Зяленскі: Кіеў адкрыты да супрацоўніцтва па здабычы рэдказямельных металаў

Шольц назваў жаданне Трампа абмяняць дапамогу Украіне на рэдказямельныя металы «эгаістычным»

Трамп прапанаваў дапамогу Украіне ў абмен на рэдказямельныя металы. Кіеў адказаў

Каментары да артыкула