БЕЛ Ł РУС

Нетаньяху выставіў ХАМАС ультыматум па вызваленні закладнікаў

12.02.2025 / 7:54

Nashaniva.com

Інакш ЦАХАЛ адновіць інтэнсіўныя баявыя дзеянні, пакуль ХАМАС не будзе канчаткова разбіты.

Біньямін Нетаньяху. Фота: Amir Cohen / AP

Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што ізраільская армія адновіць баявыя дзеянні ў сектары Газа, калі групоўка ХАМАС не верне закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў анклаве, да 12:00 суботы, піша Бі-бі-сі.

«Калі ХАМАС не верне нашых закладнікаў да 12:00 суботы, перамір’е скончыцца, і ЦАХАЛ адновіць інтэнсіўныя баявыя дзеянні, пакуль ХАМАС не будзе канчаткова разбіты», — гаворыцца ў заяве Нетаньяху, апублікаванай пасля сустрэчы з членамі ваеннага кабінета.

«У святле заявы ХАМАС пра ягонае рашэнне парушыць пагадненне і не вызваляць нашых закладнікаў, учора ўвечары я аддаў загад ЦАХАЛ засяродзіць сілы ўнутры і вакол сектара Газа. Гэтая аперацыя праводзіцца ў гэтыя гадзіны і будзе завершана ў самы бліжэйшы час», — дадаў Нетаньяху.

Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп запатрабаваў ад ХАМАС вызваліць усіх закладнікаў да 12:00 суботы, інакш «пачнецца сапраўднае пекла».

Напярэдадні баевікі пагражалі адкласці наступны этап вызвалення ізраільскіх закладнікаў і іх абмену на палестынскіх зняволеных, заявіўшы пра невыкананне Ізраілем умоў пагаднення аб перамір’і. Ізраіль заявіў, што дзеянні ХАМАС парушаюць умовы здзелкі.

У мінулую суботу завяршыўся чарговы этап абмену: былі вызвалены трое ізраільскіх закладнікаў і 183 палестынскія зняволеныя.

З 33 ізраільцян, якіх ХАМАС абавязаўся вызваліць на першым этапе здзелкі, 16 чалавек ужо вярнуліся дадому. Ад самага пачатку было вядома, што восем чалавек з гэтых 33 — мёртвыя. Такім чынам, на першым этапе дамовы баевікі павінны вярнуць яшчэ дзевяць жывых закладнікаў.

Паводле звестак ізраільскіх уладаў, заснаваных на даных ізраільскай разведкі, на момант узгаднення першага этапу пагаднення ў Катары ў палоне ХАМАС заставаліся 94 чалавекі.

У гэтую суботу ХАМАС павінен быў вызваліць яшчэ траіх ізраільцян у абмен на чарговую партыю палестынскіх зняволеных, якія адбываюць тэрміны ў ізраільскіх турмах.

Чытайце таксама:

Трамп папярэдзіў ХАМАС пра «сапраўднае пекла», калі не будуць вызваленыя ўсе закладнікі да суботы

ХАМАС абвінаваціў Ізраіль у парушэнні пагаднення і адклаў далейшае вызваленне закладнікаў

ХАМАС перадаў чарговых трох закладнікаў Ізраілю

Каментары да артыкула