Кіраўнік Пентагона: Прыняць рэальнасць — не значыць ісці на саступкі Пуціну
Кіраўнік Пентагона Піт Хегсэт заявіў, што вяртанне межаў Украіны да тых, якія існавалі да 2014 года, не з'яўляецца рэалістычнай мэтай. Пра гэта ён сказаў 13 лютага на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы міністраў абароны краін НАТА ў Брусэлі ў чацвер, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Піт Хегсэт. Фота: AP Photo/Virginia Mayo
Хегсэт сказаў, што «рэалізм — важная частка размовы», а яго да гэтага, маўляў, было недастаткова.
«Але проста трымацца рэалізму, напрыклад, што межы не будуць адкатаныя да таго, якімі ўсе хацелі б іх бачыць у 2014 годзе, не з'яўляецца саступкай Уладзіміру Пуціну. Гэта прызнанне рэалій цвёрдай сілы на месцах, пасля многіх ахвяр, спачатку з боку ўкраінцаў, а затым з боку саюзнікаў, і ўсведамленне таго, што мір, дасягнуты шляхам перамоў, будзе пэўнай дэмаркацыяй, якой не жадае ніводзін з бакоў», — адзначыў міністр абароны ЗША.
Ён таксама адхіліў крытыку падыходу Дональда Трампа, што маўляў, прэзідэнт ЗША ўжо пайшоў на саступкі Уладзіміру Пуціну.
«Аргументы, якія прыводзіліся, што тое, што ён цяпер садзіцца за стол перамоў, — гэта адкрытыя саступкі Уладзіміру Пуціну, якія прэзідэнт Злучаных Штатаў не павінен рабіць… Я проста абвяргаю гэта», — сказаў Хегсэт.
Ён дадаў, што Пуцін гатовы да перамоваў, бо рэагуе на сілу і бачыць у Трампе моцнага суперніка.
Прытым уваходжанне Украіны ў НАТА Хегсэт таксама лічыць нерэалістычным:
«Я хачу растлумачыць сёе-тое з нагоды таго, што сяброўства [Украіны] у НАТА — нерэалістычны вынік перамоў. Пры гэтым гэтыя перамовы ўзначальвае прэзідэнт Трамп. Усе варыянты застаюцца магчымымі».
«У ягоных размовах з Уладзімірам Пуціным і з Зяленскім тое, што ён наважыцца дапусціць або не дапусціць — усё гэта знаходзіцца ў кампетэнцыі лідара вольнага свету, прэзідэнта Трампа», — падкрэсліў Піт Хегсэт.
Чытайце таксама:
Трамп і Пуцін могуць дамовіцца пра спыненне агню да Вялікадня ці 9 мая
Пасля размовы Трампа з Пуціным еўрапейскія палітыкі выступілі з агульнай заявай па Украіне
Трамп і яго каманда запэўніваюць, што не плануюць спыняць падтрымку Украіны
Міністр абароны Нямеччыны: Лепш бы ЗША не ішлі на саступкі да пачатку перамоў