Агент Дудкін расказаў, як даваў КДБ справаздачы пра Латушку і магілёўскіх студэнтаў
Дудкін тлумачыць, што не хацеў браць грошы за працу, але кадэбісты настойвалі, каб ён браў па $20 у эквіваленце і распісваўся аб атрыманні грошай.
Павел Латушка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Сярод тых, на каго пісаў даносы адзін з лідараў партыі БХД Яўген Дудкін, быў Павел Латушка, які на той час займаў пасаду міністра культуры Беларусі.
Агент КДБ Дудкін сарамліва заўважыў, што не называў бы гэта даносам. «Хутчэй за ўсё, [гэта] інфармацыя аб тым, што адбываецца», — расказаў ён «Еўрарадыё».
«Быў 2012 год. Латушка быў у нас у [магілёўскім] ўніверсітэце. Я яму задаваў пытанні. Пытанні былі не спецыяльныя [падрыхтаваныя КДБ]. У мяне асабістае пытанне пра каралеўскі палац у Гродне.
Але памятаю, што ў мяне пыталася КДБ, ці сапраўды Павел Латушка быў завербаваны польскімі спецслужбамі? Ці я падазраю [яго ў гэтым]? Я сказаў, што сумняюся, што ён завербаваны».
Дудкін тады сказаў КДБ, што беларуская мова Латушкі і яго акцэнт дапамагаюць узмацненню польска-беларускіх адносін.
Дудкін прызнаецца, што ў яго справаздачах у КДБ маглі фігураваць студэнты. «Ці ёсць гэтыя людзі радыкаламі, якія могуць здзейсніць злачынства? Ці могуць яны быць завербаваныя [у будучыні]?» — такія пытанні ставіла перад ім КДБ. Аднак называць прозвішчы агент адмовіўся.
Дудкін расказаў, што не хацеў браць грошы за працу, але кадэбісты настойвалі, каб ён браў па $20 у эквіваленце і распісваўся аб атрыманні грошай.
Чытайце таксама:
Яўген Дудкін патлумачыў, чаму стаў сакрэтным агентам КДБ
Яўген Дудкін: Я быў сакрэтным супрацоўнікам КДБ. Але толькі да 2016 года