Стармер патэлефанаваў Зяленскаму і сказаў, што праводзіць выбары падчас вайны неразумна. Пры Чэрчылю — не праводзілі
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер вечарам 19 лютага патэлефанаваў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму і «падкрэсліў неабходнасць таго, каб усе працавалі разам». Пры гэтым ён падтрымаў яго ў супрацьдзеянні спробам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа схіліць украінскае кіраўніцтва да правядзення выбараў ва ўмовах няскончанай вайны.
Кір Стармер. Фота: AP Photo/Frank Augstein
«Прэм'ер-міністр выказаў сваю падтрымку прэзідэнту Зяленскаму як дэмакратычна абранаму лідару Украіны і сказаў, што цалкам разумна прыпыняць выбары ў ваенны час, так і Злучанае Каралеўства рабіла падчас Другой сусветнай вайны», — гаворыцца ў брытанскім афіцыйным камюніке.
Сапраўды, з 1935 па 1945 гады, пры Чэрчылю, выбары не праводзіліся, хоць ваенныя дзеянні непасрэдна на тэрыторыі вялікабрытанскай метраполіі не ішлі.
У той жа час «прэм'ер-міністр зноў падкрэсліў сваю падтрымку ўзначаленых ЗША намаганняў для дасягнення даўгавечнага міру ва Украіне, які ўтрымаў бы Расію ад любой будучай агрэсіі».
Стармер пазіцыянуе сябе як пасярэднік паміж ЗША і краінамі кантынентальнай Еўропы і ў рамках гэтай місіі адправіцца на наступным тыдні ў ЗША. Таксама, як стала вядома, у гэты самы перыяд ЗША наведае прэзідэнт Францыі. Пра візіт Кіра Стармера і Эмануэля Макрона ў Вашынгтон паведаміў памочнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Майк Уолтц, піша Reuters.
Раней Вялікабрытанія і Францыя выказвалі гатоўнасць удзельнічаць у патэнцыйнай вайсковай місіі ва Украіне. Дональд Трамп падчас прэс-канферэнцыі 18 лютага заявіў, што не мае намеру гэтаму пярэчыць.
Чытайце таксама:
Еўропа можа накіраваць ва Украіну да 30 тысяч вайскоўцаў
Брытанія можа адправіць войскі ва Украіну для падтрымання міру
Борыс Джонсан патлумачыў словы Трампа пра Украіну і Зяленскага