Пуцін хоча ператварыць Украіну ў другую пакорлівую Чачню
Паводле крыніцы выдання Financial Times, якая нядаўна мела размову з Пуціным, расійскі кіраўнік стаў яшчэ больш упэўненым у сваіх сілах і таму можа выставіць яшчэ больш жорсткія патрабаванні на любых мірных перамовах па Украіне. Паралельна Пуцін спадзяецца выявіць ва ўкраінскіх шэрагах «новага Ахмата Кадырава», гатовага здрадзіць сваёй радзіме.
Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін усё яшчэ разлічвае паставіць ва Украіне марыянетачны ўрад, натхняючыся прыкладам Чачні, піша выданне Financial Times са спасылкай на крыніцу ў атачэнні расійскага кіраўніка.
Паводле крыніцы, якая нядаўна абмяркоўвала з Пуціным вайну ва Украіне, той хоча знайсці ва ўкраінскіх палітычных ці вайсковых элітах альтэрнатыўнага Зяленскаму кіраўніка, які пагадзіцца цалкам здаць сваю краіну Расіі гэтак жа, як зрабіў Ахмат Кадыраў з Чачнёй у 2000 годзе, калі разам з сынам Рамзанам Кадыравым перабег на бок расійскіх федэральных войскаў.
Пры гэтым Пуцін з высокай верагоднасцю зробіць свае патрабаванні да Украіны і Захаду на будучых перамовах яшчэ больш жорсткімі, чым яны былі ў самым пачатку вайны, адзначае крыніца ў яго атачэнні.
Па яе словах, Масква не будзе выплочваць ніякіх рэпарацый Украіне і, хутчэй за ўсё, запатрабуе ад Захаду доступу да ўсіх сваіх замарожаных актываў, якія вылічаюцца сотнямі мільярдаў даляраў.
Апроч гэтага, Пуцін мог бы пагадзіцца абмяняць тэрыторыю, акупаваную Расіяй у Харкаўскай вобласці, на тэрыторыю, якая цяпер утрымліваецца Украінай у Курскай вобласці, а таксама заявіць пра «акупацыю» Кіевам іншых тэрыторый, на якія прэтэндуе Масква, калі Украіна зробіць тое ж самае ў дачыненні да сваіх часова страчаных з-за расійскай акупацыі земляў, падкрэслівае крыніца выдання Financial Times.
Выданне дадае, што такім упэўненым паводзінам Пуціна таксама спрыяе добрае стаўленне да яго з боку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Аналізуючы публічныя заявы Трампа, Financial Times адзначае, што за тыдзень той пагадзіўся амаль на ўсе жорсткія патрабаванні Пуціна, а пасля абрынуўся з крытыкай на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Па словах высокапастаўленага еўрапейскага чыноўніка, у краін ЕС такія рашэнні Вашынгтона выклікаюць шок і страх перад тым, што ЗША могуць пакінуць іх сам-насам перад пагрозамі Масквы, перадае Financial Times.
Чытайце таксама:
Трамп назваў Зяленскага «дыктатарам без выбараў» і «сярэднім па паспяховасці комікам»
Зяленскі адказаў Трампу, колькі грошай Украіна выдаткавала на вайну і колькі з іх было амерыканскіх
Адны ў эйфарыі, другія ў роспачы. Z-каналы падзяліліся ў ацэнках сустрэчы ў Эр-Рыядзе