БЕЛ Ł РУС

Саудаўцы будуюць фантастычны мегаполіс «Лінія», куды можна будзе засяліць усю Беларусь. Кошт — $1 трыльён ШМАТ ФОТА

20.02.2025 / 10:03

Nashaniva.com

У Саудаўскай Аравіі пачаўся першы этап будаўніцтва мегаамбіцыёзнага праекту гарызантальнага хмарачосу з люстраным фасадам пад назвай «Лінія», чыя запланаваная даўжыня будзе перавышаць 100 кіламетраў, што мае стаць найбуйнейшым урбаністычным эксперыментам у свеце. Вось што вядома пра першы этап і якія складанасці могуць узнікнуць пры будаўніцтве.

Запланаваны выгляд гарызантальнага люстранога мегаполісу «Лінія». Фота: Neom

Саудаўская Аравія афіцыйна прыступіла да ўзвядзення велізарнага і высокатэхналагічнага гарызантальнага хмарачоса-мегаполіса «Лінія» — аднаго з самых амбіцыёзных архітэктурных праектаў у гісторыі чалавецтва, паведамляе партал New Atlas.

Першы этап праекта «Лінія» пад назвай Hidden Marina («Прыхаваная прыстань») будзе разлічаны на 200 тысяч жыхароў. Там пабудуюць 80 тысяч жылых кватэр і 9 тысяч гасцінічных нумароў, а таксама гандлёвыя і дзелавыя зоны. Між раёнамі будзе курсіраваць электратранспарт, а ў самім горадзе будуць усе неабходныя аб’екты — школы, пажарныя станцыі, паліцэйскія ўчасткі.

Тэхналагічнай асновай Hidden Marina стане штучны інтэлект, які будзе кантраляваць энергаспажыванне, запаўняльнасць будынкаў, бяспеку і іншыя гарадскія працэсы. Інфраструктура будзе ўключаць шырокія зялёныя насаджэнні і вертыкальныя сады для паляпшэння паветра і натуральнага ахаладжэння ўнутранай прасторы. Для эканоміі вады і ўстойлівага развіцця будуць усталяваныя перадавыя сістэмы збору дажджавой вады, перапрацоўкі сцёкавых адкідаў і разумнага арашэння.

Запланаваны выгляд Hidden Marina знутры. Фота: Neom

Запланаваны выгляд Hidden Marina знутры. Фота: Neom

Запланаваны выгляд Hidden Marina знутры. Фота: Neom

Hidden Marina зойме 2,5 км у даўжыню і 500 м у вышыню, што амаль супастаўна з вышынёй самага высокага будынка ў свеце — хмарачоса Бурдж-Халіфа ў Дубаі. Плошча забудовы складзе 21 мільён квадратных метраў, што больш чым у 60 разоў перавышае плошчу забудовы Бурдж-Халіфы.

Канструкцыя будзе складацца з модульных жылых блокаў з люстранымі фасадамі, на якіх будзе адбівацца навакольны пустынны ландшафт. Гэты выбар дызайну, паводле забудоўшчыкаў, паляпшае эстэтыку, а таксама дапамагае рэгуляваць тэмпературу ў горадзе, забяспечваючы баланс паміж сучаснай архітэктурай і экалагічнай гармоніяй.

Hidden Marina будзе ўключаць у сябе вялікую арку для праходу круізных лайнераў і іншых караблёў. Фота: Neom

Запланаваны выгляд Hidden Marina з люстранымі фасадамі і вялікай прыстанню. Фота: Neom

У будаўніцтве Hidden Marina задзейнічана 140 тысяч рабочых, якім дапамагаюць робаты, а інвестыцыі ў інфраструктуру ужо дасягаюць $140 мільярдаў. Паводле інвестараў і забудоўшчыкаў, Hidden Marina будзе гатовая да 2030 года і нават прыме матчы чэмпіянату свету па футболе 2034 года.

Такім забудоўшчыкі Hidden Marina бачаць футбольны стадыён, які збіраецца прыняць матчы чэмпіянату свету па футболе 2034 года. Фота: Neom

І гэта толькі першы этап будаўніцтва. Зыходзячы з афіцыйных планаў, увесь цалкам мегаполіс «Лінія» па даўжыні будзе перавышаць 100 км і будзе каштаваць больш за трыльён даляраў (гэта не канчатковая сума). Чакаецца, што пасля завяршэння будаўніцтва і ўсіх падрыхтовак (у 2045 годзе) «Лінія» зможа змясціць у сябе 9 мільёнаў жыхароў, што эквівалентна колькасці насельніцтва Беларусі.

Аднак на шляху рэалізацыі задумы існуюць сур'ёзныя складанасці. Па-першае, маштаб, складанасць і высокі кошт праекту не ўсяляюць дастатковай упэўненасці многім інвестарам, што запавольвае прыток грошай у будаўніцтва.

Па-другое, эксперты занепакоеныя тым, што для будаўніцтва «Лініі» спатрэбіцца каля 20% сусветных запасаў сталі, што, на меркаванне многіх, з'яўляецца недазваляльнай раскошай і неразумным марнаваннем рэсурсаў.

Па-трэцяе, канцэпцыя горада-лініі, расцягнутага ўздоўж цэнтральнай магістралі, прадугледжвае раўнамернае размеркаванне цэнтраў занятасці насельніцтва. У адваротным выпадку паток людзей непазбежна будзе скіроўвацца толькі ў некалькі лакальных зон, што будзе ствараць транспартныя калапсы. 

І па-чацвёртае, узнікаюць асцярогі датычна ўмоў працы і жыцця 140 тысяч рабочых, значная частка з якіх з'яўляецца мігрантамі, а сама Саудаўская Аравія не славіцца захаваннем правоў чалавека.

Напрыклад, у суседнім Катары падчас чэмпіянату свету па футболе 2022 года сярод мігрантаў-рабочых мелі месца шматлікія выпадкі нявыплачаных заробкаў, незаконных збораў за працаўладкаванне памерам $1300 (іх былі вымушаныя заплаціць сотні тысяч рабочых), траўмы і нават смерці. Ажно да 2020 года мігранты-рабочыя, якія будавалі інфраструктуру і аб'екты да чэмпіянату, былі абмежаваныя ў магчымасці звольніцца ці пакінуць Катар.

Запланаваная даўжыня ўсяго мегаполіса «Лінія» (звыш 100 кіламетраў). Фота: Neom

Чытайце таксама:

Японія плануе пабудаваць цалкам аўтаномны плаваючы горад на 40 тысяч чалавек

Як будуць выглядаць людзі праз 1000 гадоў — прагноз навукоўцаў

Гэтае вынаходніцтва дазволіць чалавецтву жыць вечна. Расказваем, як яго пабудаваць

Каментары да артыкула