У Беларусі пачнуць выпускаць сухія вінаградныя віны са сваёй сыравіны
21.02.2025 / 17:48
У Беларусі вывелі першы айчынны сорт тэхнічнага вінаграду, які дазволіць вырабляць натуральныя сухія віны з мясцовай сыравіны. Гэтага дабіліся навукоўцы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве, піша БелТА.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Сярод іншых навінак, распрацаваных беларускімі спецыялістамі, — сарты персіку «Лойка», рэмантантных малін «Вераснёвая», ляшчыны «Лал», «Яшма» і «Аркадзь», а таксама глогу «Сваяк».
Асаблівая ўвага нададзена цёмна-сіняму вінаграду тэхнічнага прызначэння, які атрымаў назву «Лорэд». Укараненне яго ў сельскую гаспадарку дазволіць пачаць у краіне вытворчасць натуральнага сухога вінаграднага віна з уласнай сыравіны.
Увогуле зараз навукоўцы працуюць над 76 відамі раслін, уключаючы бульбу, плады, ягады, арэхаплодныя і агароднінныя культуры.
Беларускія сарты бульбы займаюць каля 50-55% у сельгаспасадках, яблыневыя і грушавыя сады забяспечаныя на 80% айчыннымі сартамі, а ў агароднінных пасадках — 20%.
У галіне агародніцтва беларускія навукоўцы стварылі 102 сарты і 37 гібрыдаў, у тым ліку для таматаў, агуркоў і капусты.
Чытайце таксама:
Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі
На Камароўку з Кітая прывезлі вінаград, які адмаўляюцца купляць, бо ніколі такога не бачылі
Еўропу пачала заваёўваць новая гародніна — цукіёла. Што гэта такое і калі чакаць у Беларусі?