У Беларусі мароз — чыноўнікі дасталі свае шапкі ШМАТ ФОТА
Раніцай Аляксандр Лукашэнка прыехаў у калгас у Смалявіцкім раёне. Сёння ў тым рэгіёне марозна — уначы там было аж да -20 градусаў. Ратуючыся ад холаду, Лукашэнка насунуў на галаву шапку-фармоўку. Яна была модная ў часы яго маладосці.
Аляксандр Лукашэнка. Фота: БелТА
У шапках-фармоўках было модна хадзіць у 1980-я, яны лічыліся сімвалам дастатку і прэстыжу. Савецкія людзі бераглі іх як зрэнку вока: каб фармоўка не губляла форму, захоўвалі іх у шафах на трохлітровых слоіках.
Фармоўка нагадвае вушанку, але вушы і брылёк у яе не адварочваюцца. Аляксандр Лукашэнка насіў гэтую шапку ў першыя гады свайго прэзідэнцтва і некалькі разоў з'яўляўся ў ёй і пазней.
Звычайна фармоўкі выраблялі з меху бабра, андатры, але былі і з норкі. Апошнія былі даступныя не для ўсіх, бо іх кошт мог дасягаць 300 савецкіх рублёў, тады як заробак звычайнага рабочага ў Саюзе складаў 100 рублёў.
Напрыклад, генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў насіў шапку з норкі. Лічыцца, што ён увёў моду на гэта футра, калі выйшаў у ёй на трыбуну Маўзалея.
Да фармовак папулярнымі былі шапкі-піражкі, зробленыя з каракуля. Іх насілі ўсе члены Палітбюро. Мех шапкі часта падбіралі ў камплекце з каўнерам зімовага паліто.
Разам з Лукашэнкам у калгас прыехаў Леанід Заяц, старшыня камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. Яго шапку можна назваць «шапка-панчоха», яе носяць як мага вышэй. У выпрастаным выглядзе яна мае паўсферычную форму.
Леанід Заяц. Скрыншот: Пул першага
Іншыя топ-чыноўнікі былі ў зімовых шапках-кепках — старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сяргеенка, кіраўнік Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч і кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты.
Скрыншот: Пул першага
Скрыншот: Пул першага
Чытайце таксама:
Лукашэнка загадаў ураду разабрацца, як прайшла зімоўка быдла