БЕЛ Ł РУС

«Ён кіруецца глыбокім пачуццём адказнасці». Дуда параіў Зяленскаму не сварыцца з Трампам

21.02.2025 / 20:48

Nashaniva.com

Прэзідэнт Польшчы паразмаўляў з украінскім калегам пра адносіны з ЗША.

Уладзімір Зяленскі і Анджэй Дуда. Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

Анджэй Дуда параіў Уладзіміру Зяленскаму не сварыцца з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Такую параду польскі прэзідэнт даў украінскаму падчас тэлефоннай размовы.

«Некалькі хвілін таму мне патэлефанаваў прэзідэнт Зяленскі. У нас адбылася шчырая размова пасля нядаўніх сустрэч з генералам Келагам і іншых падзей. Я выказаў яму нашу нязменную перакананасць у тым, што адзіны спосаб спыніць кровапраліцце і дасягнуць доўгатэрміновага міру ва Украіне — гэта падтрымка Злучаных Штатаў», — напісаў Дуда ў твітары.

Прэзідэнт Польшчы параіў Зяленскаму захоўваць канструктыўныя адносіны з Трампам. 

«Менавіта таму я прапанаваў прэзідэнту Зяленскаму заставацца прыхільным курсу спакойнага і канструктыўнага супрацоўніцтва з Дональдам Трампам. Я веру, што добразычлівасць і сумленнасць ляжаць у аснове перамоўнай стратэгіі ЗША.

У мяне няма сумневаў у тым, што прэзідэнт Трамп кіруецца глыбокім пачуццём адказнасці за глабальную стабільнасць і мір», — напісаў Дуда.

Апошнія дні Трамп моцна крытыкуе Зяленскага на ўсіх пляцоўках. Ён назваў прэзідэнта Украіны «дыктатарам без выбараў», «сярэдняй паспяховасці комікам», а таксама фактычна ўсклаў на Украіну адказнасць за вайну. 

Чытайце таксама:

Шрайбман апісвае варыянты, як пры Трампе можа скончыцца вайна ва Украіне

Рубіа пераконвае саюзнікаў, што перамовы з Расіяй не азначаюць рэзкай змены ў рэальнай палітыцы ЗША

У камандзе Трампа выступаюць за ад'езд Зяленскага ў Францыю — New York Post

Калі Амерыка здрадзіць Украіне, свет зменіцца незваротна

Каментары да артыкула