Еўрасаюз прыпыніў частку санкцый супраць Сірыі
24.02.2025 / 16:33
Еўрапейскі Саюз прыпыніў некаторыя сектаральныя санкцыі супраць Сірыі. У пастанове Рады ЕС сказана, што гэта зроблена для паскарэння аднаўлення эканомікі краіны і падтрымкі палітычных рэформаў пасля падзення рэжыму Башара Асада.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Ali Haj Suleiman/Getty Images
У прыватнасці, будзе спынена дзеянне абмежавальных мер супраць энергетычнага і транспартнага сектараў краіны, а таксама некалькіх банкаў і авіякампаніі Syrian Arab Airlines (сродкі гэтых кампаній раней былі замарожаныя).
Пры гэтым шэраг санкцый захоўваюцца — -у тым ліку абмежавальныя меры, звязаныя з вытворчасцю хімічнай зброі, гандлем зброяй і таварамі падвойнага прызначэння. Пад забаронай таксама застаецца праграмнае забеспячэнне для сачэння.
У пачатку студзеня ЗША таксама знялі шэраг санкцый у дачыненні да Сірыі, каб зрабіць магчымымі пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў краіну.
Санкцыі ЕС і ЗША былі ўведзеныя ў часы рэжыму Башара Асада, супраць якога вылучаліся абвінавачванні ў масавых забойствах палітычных апанентаў і іншых грубых парушэннях правоў чалавека.
Новыя ўлады Сірыі на чале з былым лідарам паўстанцаў Ахмедам Аль-Шараа абяцаюць пабудаваць дзяржаву, дзе будуць забяьпечаныя правы ўсіх груп, у тым ліку рэлігійных меншасцяў і жанчын.
ЕС адзначыў, што будзе сачыць за сітуацыяй у краіне, каб гарантаваць, што прыпыненне санкцый сапраўды дарэчнае. Кая Калас, галоўная дыпламатка ЕС, падкрэсліла, што «калі ўсё пойдзе не так, як трэба, то мы таксама гатовыя вярнуць санкцыі назад».
Чытайце таксама:
Сын Асада расказаў пра падзеі напярэдадні ўцёкаў яго бацькі з Сірыі
У Сірыі калону расійскіх вайскоўцаў не пусцілі на базу ў Тартусе
Замест Расіі вайсковыя базы ў Сірыі можа размясціць Турцыя
Лідар групоўкі ХТШ Ахмед аль-Шараа абвешчаны часовым прэзідэнтам Сірыі