БЕЛ Ł РУС

ЗША катэгарычна адмаўляюцца ўключаць гарантыі бяспекі ў дамову аб карысных выкапнях з Украінай

24.02.2025 / 19:39

Nashaniva.com

Вашынгтон усяляк супраціўляецца ўключэнню гарантый бяспекі ў дамову, па якой ён спадзяецца атрымаць доступ да ўкраінскіх мінералаў і іншых рэсурсаў.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Фота: Joe Raedle / Getty Images

Канчатковы праект пагаднення паміж ЗША і Украінай па рэсурсах быў перададзены ў Вашынгтон. Ён засяроджваецца на стварэнні фонду рэканструкцыі Украіны, аднак спрэчныя дэталі, уключаючы гарантыі бяспекі, пакінутыя на больш познія этапы перамоў. Пра гэта паведаміла ўкраінская крыніца, знаёмая з ходам перамоў.

Амерыканскі бок усяляк супраціўляцца ўключэнню ў дамову гарантый бяспекі. Кіеў спадзяецца, што гэтае пытанне можа быць абмеркавана на будучай сустрэчы прэзідэнтаў Уладзіміра Зяленскага і Дональда Трампа, паведамляе CNN са спасылкай на інфармаваную ўкраінскую крыніцу.

«З нашага боку ўсё гатова. Мы завяршылі працу над праектам. Мы зрабілі ўсё магчымае, каб умовы былі разумнымі. У выніку гэтае рамачнае пагадненне аб стварэнні фонду рэканструкцыі Украіны. Асобнае пагадненне прадугледжвае, як гэты фонд будзе функцыянаваць», — паведаміла крыніца ва Украіне.

Яна падкрэсліла, што «найбольш праблемныя моманты былі выключаныя з праекта, але амерыканскі бок усё яшчэ катэгарычна адмаўляецца ўключаць у дакумент гарантыі бяспекі».

Крыніца выказала надзею, што падчас цырымоніі падпісання пытанне гарантый будзе вынесена на разгляд прэзідэнтаў.

«Мы чакаем адказу амерыканскага боку», — дадала крыніца.

ЗША імкнуцца атрымаць доступ да крытычна важных мінералаў і іншых рэсурсаў Украіны ў рамках больш шырокіх перамоў, накіраваных на заканчэнне вайны. Узамен Украіна патрабуе гарантый бяспекі, імкнучыся абараніць сябе ад магчымага новага расійскага ўварвання.

Украінскі бок працягвае дамагацца змен у пагадненні, бо бягучы праект, як кажуць украінскія чыноўнікі, «не прадугледжвае ніякіх абавязацельстваў з боку ЗША, тады як Украіна абавязана аддаць усё».

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Украіна павінна даць ЗША 500 мільярдаў долараў у выглядзе крытычна важнай сыравіны ў якасці кампенсацыі за дапамогу, атрыманую Кіевам ад папярэдняй адміністрацыі.

Зяленскі адказаў, што Вашынгтон паставіў ягонай краіне ўзбраенне на суму 67 мільярдаў долараў і прамую бюджэтную падтрымку на 31,5 мільярда долараў. Ён заклікаў ЗША даць Украіне канкрэтныя гарантыі бяспекі ў абмен на доступ да найважнейшых рэсурсаў.

Чытайце таксама:

ЗША і Украіна знаходзяцца на фінальнай стадыі перамоў па пагадненні аб карысных выкапнях

Новая рэдакцыя пагаднення Украіны з ЗША аб карысных выкапнях можа быць яшчэ кабальнейшай за папярэднюю

Зяленскі пакуль не гатовы падпісаць пагадненне з ЗША аб карысных выкапнях

ЗША прапанавалі Кіеву абноўлены праект пагаднення па карысных выкапнях

Дарадца Трампа звязаў яго рэзкія заявы аб Украіне з затрымкай «пагаднення па карысных выкапнях»

Каментары да артыкула