БЕЛ Ł РУС

У беларускага дальнабойшчыка ў Польшчы канфіскавалі больш за 7 мільёнаў цыгарэт

27.02.2025 / 22:51

Nashaniva.com

У Польшчы на мяжы з Германіяй памежнікі спынілі для праверкі фуру, за рулём якой быў 29-гадовы беларус. Агледзеўшы прычэп, яны выявілі ў ім больш за 7 млн нелегальна вырабленых цыгарэт рынкавым коштам каля 8 мільёнаў злотых (каля 2 мільёнаў даляраў), піша Most.

Фота: Strazgraniczna.pl

Падчас далейшага расследавання польскія праваахоўнікі правялі ператрусы некалькіх аб'ектаў нерухомасці. Там яны выявілі прылады і абсталяванне для нелегальнай вытворчасці тытунёвых вырабаў: здрабняльнік тытуню, барабан для перапрацоўкі тытунёвага лісця, а таксама камплектуючыя для вытворчасці цыгарэт. Акрамя таго, яны канфіскавалі амаль 11 тон тытуню і пустыя пачкі з брэндамі вядомых тытунёвых кампаній.

Паводле папярэдніх разлікаў, калі б нелегальны тавар паступіў у продаж, польскі бюджэт недаатрымаў бы больш чым 20 мільёнаў злотых (каля 5 мільёнаў даляраў).

Беларусу выставілі абвінавачванні, яго арыштавалі тэрмінам на тры месяцы. Цяпер следства высвятляе ягоную магчымую сувязь з арганізаванай злачыннай групай, якая займаецца ценявой вытворчасцю і распаўсюджваннем цыгарэт.

Калі падазрэнні пацвердзяцца, мужчыну можа пагражаць да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

У Літве цыгарэтных кантрабандыстаў затрымлівалі з пагоняй і стралянінай

У Польшчы метэазонд з цыгарэтамі з Беларусі прабіў дах дома

У Клайпедзе затрымалі беларуса з цыгарэтамі на 2 мільёны еўра

Каментары да артыкула