БЕЛ Ł РУС

Павел Латушка выступіў у падтрымку Уладзіміра Зяленскага

28.02.2025 / 23:20

Nashaniva.com

Канфліктную сітуацыю паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, якая адбылася сёння ў Белым доме, не пакінуў па-за ўвагай кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка. Ён выступіў у падтрымку Зяленскага і ўкраінскага народа.

Павел Латушка. Скрыншот з відэа

Спачатку Латушка напісаў пост у падтрымку Зяленскага і Украіны ў сацсетцы X:

«Украіна — гэта Еўропа. Прыйшоў час Еўропе стаць моцнай».

Пасля ж ён таксама запісаў кароткі відэазварот:

«У гэты важны гістарычны момант хацеў бы выказаць як беларус, як беларускі палітык словы падтрымкі і салідарнасці ўкраінскаму народу, прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму. Украіна — гэта Еўропа, а Еўропа павінна быць моцнай. І я веру ў тое, што Беларусь таксама будзе ў Еўропе», — заявіў палітык.

Пазней у сацсетках Латушкі з'явілася яшчэ адно паведамленне ў падтрымку Зяленскага.

«Прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму не патрэбная дапамога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, каб аддаць Расіі акупаваныя тэрыторыі Украіны, скараціць войскі, адмовіцца ад уступлення ў НАТА і дэнацыяналізаваць Украіну. Калі б ён хацеў капітуляваць, то паехаў бы ў Маскву, а не ў Вашынгтон», — лічыць Павел Латушка.

28 лютага прэзідэнты Украіны і ЗША моцна пасварыліся ў жывым эфіры, пасля чаго наступныя перамовы і прэс-канферэнцыя па іх выніку былі адмененыя, а Зяленскі быў вымушаны пакінуць Белы дом.

Чытайце таксама:

Зяленскі падзякаваў Амерыцы за падтрымку і свой візіт

Еўрапейскія лідары выказваюць Зяленскаму падтрымку ў ягонай спрэчцы з Трампам

Трамп: Зяленскі можа вярнуцца, калі будзе гатовы да міру

Трамп і Зяленскі пасварыліся ў жывым эфіры

Трамп Зяленскаму: вы не паважаеце ЗША, вы павінны быць удзячныя

Каментары да артыкула