YouTube абмяжуе размяшчэнне азартнага кантэнту
5.03.2025 / 17:30
Цяпер платформа будзе больш пільна рэгуляваць увесь кантэнт, звязаны з азартнымі гульнямі, паведаміла прэс-служба YouTube. Змены пачнуць дзейнічаць з 19 сакавіка.
YouTube. Фота: Olly Curtis / Future via Getty Images
Пад забарону трапяць сайты, якія парушаюць мясцовае заканадаўства і не былі правераныя YouTube або Google. Таксама нельга будзе размяшчаць кантэнт з выявамі, тэкстамі, лагатыпамі або выказваннямі, якія могуць накіраваць на азартныя сайты.
Раней у гэтай галіне на платформе таксама былі абмежаванні, але цяпер кампанія абяцае іх узмацніць.
YouTube увёў і функцыю кантролю ўзросту карыстальнікаў для доступу да кантэнту з рэкламай анлайн-казіно. Цяпер непаўналетнія наведвальнікі не змогуць глядзець кантэнт, які паказвае або рэкламуе такія паслугі і сайты са стаўкамі на спорт. Гэта ж адносіцца і да карыстальнікаў, якія не прайшлі аўтарызацыю.