БЕЛ Ł РУС

Прадаюць санаторый, у якім адпачываў Пятрусь Броўка

5.03.2025 / 17:48

Nashaniva.com

На таргі выставілі санаторый «Рэчанька», які знаходзіцца ў Дзятлаўскім раёне, заўважыў Realt.by. Цана не вельмі высокая. 

Ад Мінска да гэтых месцаў каля 220 км, побач цячэ рака Шчара і знаходзіцца ландшафтны заказнік «Ліпічанская пушча». Паводле водгукаў у сеціве, месцы там вельмі прыгожыя, ёсць цудоўныя маршруты для байдарачнікаў.

Двухпавярховы цагляны будынак санаторыя быў пабудаваны ў канцы 1960-х гадоў проста ў лесе. У савецкія гады ён быў даволі папулярным месцам адпачынку. Напрыклад, тут любіў праводзіць вольны час вядомы паэт Пятрусь Броўка. У «Рэчаньцы» нават працавала ўласная гразелячэбніца.

Аднак жа, калі часы памяняліся, санаторый закрылі, ягоныя будынкі моцна струхлелі, а асфальтаваная дарога да дома адпачынку зарасла мохам.

Агульная плошча пабудоў санаторыя налічвае каля 1500 «квадратаў», фізічны знос будынкаў складае 46-48%. Акрамя карпусоў санаторыя, у арэнду здаецца таксама зямельны ўчастак памерам 5 гектараў.

Таргі за былы санаторый пачнуцца з 54 тысяч рублёў (прыкладна 17 тыс. даляраў). Крок аўкцыёну складзе 2,7 тысячы рублёў. Заяўкі прымаюцца да 28 сакавіка, а сам аўкцыён пройдзе 31 сакавіка ў 11:00 на электроннай пляцоўцы ЗАТ «Белрэалізацыя».

Ранейшыя спробы прадаць былы дом адпачынку «Рэчанька» скончыліся безвынікова.

Чытайце таксама:

Прадпрымальнік купіў дзіцячы лагер пад Віцебскам за тысячу рублёў, а яму выставілі няўстойку ў 2,4 мільёны

Участак пад Мінскам прадалі за 115 тысяч даляраў — першы рэкорд года

У Барысаве на продаж выставілі старыя дрэвы

Каментары да артыкула